Расея, стаўшы правапераемніцай СССР, узяла на сябе абавязацельствы па выплаце даўгоў ўсіх былых савецкіх рэспублік у абмен на актывы за мяжой, але так іх і не атрымала, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, паведамляе ТАСС.
«Мы крэдыты ж пагасілі за ўсіх, а актываў за мяжой некаторых новаўтвораных на прасторах Савецкага Саюзу дзяржавы нам так і не перадалі», — заўважыў Пуцін на сустрэчы з рабочай групай падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю Расеі.
«Мы, па-мойму, толькі за Ўкраіну 16 мільярдаў выплацілі», — дадаў Пуцін. Паводле яго, тады «ўвесь сьвет быў вельмі шчаслівы», калі Расея пагадзілася выплаціць усе даўгі былых рэспублік.
У 1993 годзе Расея ўзяла на сябе абавязаньні былых савецкіх рэспублік па замежных даўгах, а тыя наўзамен адмовіліся ад належнай ім долі ў замежных актывах Савецкага Саюзу. На студзень 1994 году доўг былога СССР складаў 104,5 мільярда даляраў, у тым ліку амаль 50 мільярдаў — перад Парыскім клюбам крэдытораў. У 2006-м Расея датэрмінова пагасіла яго, а ў жніўні 2017 году пагасіла апошні замежны доўг Савецкага Саюзу — выплаціла Босьніі і Герцагавіне 125,2 мільёна даляраў.