Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту адмяніла сустрэчу зь беларускімі дэпутатамі за 15 хвілін да пачатку

абноўлена

Палата прадстаўнікоў Беларусі, здымак 6 сьнежня 2019
Палата прадстаўнікоў Беларусі, здымак 6 сьнежня 2019

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту адмяніла заплянаваную на 26 лютага сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміў старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты Андрэй Савіных, піша БелаПАН.

Чаму адмянілі сустрэчу за 15 хвілін да яе пачатку?

Сустрэчу адмянілі, бо беларускі бок не прапанаваў фармат сустрэчы, які б задаволіў дэпутатаў Эўрапарлямэнту, сказалі Свабодзе ў прэс-службе камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту.

«Цяпер Эўрапарлямэнт ня мае афіцыйных дачыненьняў зь Беларусьсю. Але каб падтрымаць дыялёг, у праграме візыту дэлегацыі былі сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу Беларусі. Але беларускі бок не прапанаваў фармат сустрэчы, на які б пагадзіліся дэпутаты Эўрапарлямэнту», — сказалі ў прэс-службе камітэту замежных спраў Эўрапарлямэнту.

Паводле крыніцы БелаПАН у Эўрапарлямэнце, беларускі бок вырашыў не праводзіць сустрэчу ў загадзя ўзгодненым фармаце.

Крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускі бок пра адмену сустрэчы апавясьцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку.

«Відаць, у апошні момант варухнуўся стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парлямэнт, то ня могуць зайсьці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў межы цьвярозага розуму, — адзначыў суразмоўца. — Адмаўляцца ад дыялёгу, калі мы маем разьвіцьцё адносін зь іншымі структурамі па розных тэмах, выглядае безадказным».

Паводле Савіных, беларускія дэпутаты «былі гатовыя да дыялёгу ў кантэксьце нашых традыцыйных каштоўнасьцей у беларускай зьнешняй палітыцы». Ён выказаў спадзяваньне, што калісьці эўрапейскія партнэры зразумеюць каштоўнасьць «адкрытай палітыкі» беларускіх дэпутатаў.

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту прыбыла ў Беларусь 24 лютага. Да 28 лютага новаабраныя чальцы Эўрапарлямэнту маюць пазнаёміцца з сытуацыяй у Беларусі і акрэсьліць асноўныя кірункі супрацы. Акрамя Менску, яны таксама наведаюць Горадню — там яны ацэняць рэалізацыю шэрагу праектаў, якія фінансава падтрымліваюцца Эўразьвязам.

Былі заплянаваныя сустрэчы эўрадэпутатаў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазыцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG