Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюс 6 і штучны сьнег. У Раўбічах пачаўся чэмпіянат Эўропы па біятлёне 


Від на біялённую трасу зьверху

У Раўбічах пад Менскам стартаваў чэмпіянат Эўропы па біятлёне. У момант урачыстага адкрыцьця ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскага рэзэрву было 6 градусаў цяпла.

Кантынэнтальнае першынства мелася прыняць Эстонія, аднак тамтэйшыя арганізатары не ўзяліся забясьпечыць патрэбны ўзровень спаборніцтваў пры адсутнасьці натуральнага сьнегу. Тады пра гатовасьць «падставіць плячо» заявіла Беларусь, якая знаходзіцца істотна далей на поўдзень за краіны Балтыі.

Цягам тыдня валянтэры ды салдаты зьбіралі і звозілі рэшткі сьнегу з лыжнай базы «Зайцава паляна» і гарадзкой трасы ў Менску. Акрамя таго, пасьля этапу Кубку сьвету па фрыстайле, які ў выходныя прайшоў таксама ў Раўбічах, зьнялі сьнег са схілаў для разгону. У вялікіх аб’ёмах таксама выкарыстоўваецца штучны сьнег і рэагенты, якія запавольваюць працэс раставаньня.

Сьнежныя гарматы пры плюсавой тэмпэратуры не працуюць
Сьнежныя гарматы пры плюсавой тэмпэратуры не працуюць

Як адзначалі раней прадстаўнікі комплексу, траса, якая ідзе празь лес і блізка да яго, непакою не выклікае. Галоўная задача — уратаваць сьнег ад сонца на адкрытым стадыёне, дзе стрэльбішча.

Адкрываючы спартовы форум, намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандар Баравуля выказаў падзяку Міжнароднаму саюзу біятляністаў «за магчымасьць прыняць важныя старты». Па яго словах, аргкамітэт прыклаў усе намаганьні, каб усё прайшло ў камфортных умовах для ўдзельнікаў і гледачоў.

Удзел у чэмпіянаце Эўропы возьмуць 300 біятляністаў у складзе 40 мужчынскіх і жаночых камандаў. На такія спаборніцтвы звычайна не прыяжджаюць зоркі сусьветнага бяітлёну, зборныя каманды прадстаўленыя спартоўцамі з другога шэрагу. Завершацца спаборніцтвы 1 сакавіка гонкамі перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG