Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі лягістычнага цэнтру, падначаленага Шэйману, пагражаюць страйкам


ААТ «Гандлёва-лягістычны цэнтар «Азярцо-лягістык», фота з афіцыйнага сайту кампаніі

Тры дзясяткі работнікаў гандлёва-лягістычнага цэнтру «Азярцо-лягістык» зьвярнуліся да кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана з адкрытым лістом — арганізацыя знаходзіцца ў падпарадкаваньні гэтай афіцыйнай структуры.

Работнікі заявілі пра недавер кіраўніцтву арганізацыі

Гэта ўжо ня першы падобны выпадак: летась у жніўні работнікі цэнтру патрабавалі ад Віктара Шэймана ўмяшаньня пасьля таго, як кіраўніцтва прадпрыемства пазбавіла падначаленых надбавак за прафэсійнае майстэрства, спэцыфіку працы і напружанасьць графіку.

Калектыўны зварот работнікаў гандлёва-лягістычнага цэнтру «Азярцо-лягістык»
Калектыўны зварот работнікаў гандлёва-лягістычнага цэнтру «Азярцо-лягістык»

У новым калектыўным звароце, копію якога даслалі ў рэдакцыю Свабоды, адзначаецца, што работнікам не зразумела, на якой падставе ім здымаюцца даплаты, а на якой выдаюцца. Падпісанты лічаць непрымальнай сытуацыю, калі асноўны заробак складае ўсяго 50%, тады як астатняя частка залежыць ад аднаасобнага рашэньня кіраўніка.

Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што апошнім часам з боку кіраўніцтва пачаліся «дыскрымінацыйныя і дэструктыўныя захады» ў дачыненьні да тых, хто актыўна адстойвае інтарэсы ў перамоўных працэсах аб калектыўнай дамове. У лісьце зазначаецца, што актывістаў беспадстаўна пазбаўляюць прэмій i надбавак на 6 месяцаў, ім выносяцца вымовы.

«Усе гэтыя непрадуманыя дзеяньні, якія не паддаюцца здароваму асэнсаваньню, дэстабілізуюць атмасфэру ў працоўным калектыве і выклікаюць абгрунтаваны недавер да кіраўніцтва арганізацыі», — гаворыцца ў лісьце.

Работнікі ААТ «Азярцо-лягістык» паведамляюць Шэйману пра раней агучаныя патрабаваньні: увесьці дадатковым пагадненьнем у дзейныя кантракты надбаўкі за прафэсійнае майстэрства, характар і спэцыфіку працы, складанасьць і напружанасьць графіку.

Сярод іншага падпісанты патрабуюць вызначыць градацыю памеру прэмій пры частковым невыкананьні пляну: памер асноўнага заробку пры гэтым павінен складаць не цяперашнія 50%, а ня менш за 70%.

Рэакцыя афіцыйных прафсаюзаў

Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта пакуль не даступнае для камэнтару. Затое сытуацыю на прадпрыемстве пракамэнтавалі ў афіцыйных прафсаюзах.

Старшыня прафкаму Беларускага прафсаюзу работнікаў гандлю, спажывецкай каапэрацыі і прадпрымальніцтва Валянціна Нех адзначыла ў размове са Свабодай, што гэтыя ды іншыя пытаньні будуць разглядацца на канфэрэнцыі 26 лютага.

Яна спадзяецца на разьвязаньне канфліктнай сытуацыі:

«Тэрмін дзеяньня калектыўнай дамовы завяршыўся ў канцы студзеня 2020 году, адпаведна, насьпела неабходнасьць прыняць новае пагадненьне з улікам адмысловай экспэртызы, — тлумачыць прафсаюзная кіраўніца. — 12 лютага, як плянавалася адпачатку, канфэрэнцыя была, па сутнасьці, сарваная, сёньня чарговая спроба. Магу запэўніць, што экспэртыза ёсьць, дакумэнты падрыхтаваныя. Застаецца толькі пачакаць, як усё павернецца, бо з улікам цяперашняй сытуацыі незразумела, ці ўдасца знайсьці агульныя пазыцыі. Шчыра кажучы, самі сядзім, не разумеем, чаго чакаць».

Калі іх патрабаваньні будуць праігнараваныя, супрацоўнікі прадпрыемства абяцаюць зьвярнуцца з адкрытым лістом на імя Аляксандра Лукашэнкі, а таксама прыняць усе «вычарпальныя меры калектыўнага ўзьдзеяньня дзеля абароны сваіх законных інтарэсаў аж да прыпыненьня працы», — гаворыцца ў звароце.

ААТ «Гандлёва-лягістычны цэнтар „Азярцо-лягістык“» месьціцца побач зь Менскай кальцавой дарогай і валодае адным з найбуйнейшых складоў часовага захоўваньня на тэрыторыі Беларусі. Асноўныя кірункі дзейнасьці — паслугі захоўваньня і мытнага афармленьня. Тэхнічныя магчымасьці дазваляюць апрацоўваць больш за 300 аўтамашын за суткі. Сярод пераваг над канкурэнтамі называюцца ўласная чыгуначная ветка і зручныя пад’язныя шляхі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG