Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр гісторык і паэт Эдуард Дубянецкі  

абноўлена

Эдуард Дубянецкі

25 лютага памёр Эдуард Дубянецкі – гісторык, культуроляг, паэт, публіцыст. Яму было 53 гады. Пра гэта паведаміў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Эдуард Дубянецкі нарадзіўся 20 красавіка 1966 году ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёну. Сын філёзафа, палітоляга і публіцыста Станіслава Дубянецкага.

Адпяваньне Эдуарда Дубянецкага і разьвітаньне зь ім адбудзецца 26 лютага ў 12.30 у Петрапаўлаўскім саборы ў Менску (вуліца Ракаўская, 4).

У 1988 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, кандыдат гістарычных навук. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам на гістфаку БДУ.

У 1992–2004 гадах — старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, затым вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.

Займаўся дасьледаваньнямі міжнацыянальных адносінаў у Беларусі ў ХІХ-ХХ стагодзьдзях, нацыянальнага характару і этнічнай самасьвядомасьці беларусаў, узаемаўплываў мэнтальнасьці і нацыянальнай культуры, суадносінаў паганскіх і хрысьціянскіх элемэнтаў у беларускім фальклоры ды іншых праблемаў.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Артыкулы, эсэ і вершы Эдуарда Дубянецкага друкаваліся ў беларускіх і замежных выданьнях.

Доктар філялягічных навук, колішні дырэктар Скарынаўскага цэнтру Адам Мальдзіс шмат гадоў адпрацаваў з Эдуардам Дубянецкім і называе яго ўзорам сумленнасьці.

«Дубянецкі сумленны найперш у тым, што паважаў яго вялікасьць факт, — кажа Мальдзіс Свабодзе. — Ён лічыў, што абстрактныя ідэі, непацьверджаныя фактамі, ня самае надзейнае. Акрамя таго, добра ведаў нашу дыяспару. Многія выракаюцца свайго беларускага паходжаньня... Дык вось і Эдуард садзейнічаў пашырэньню беларускай культуры ў сьвеце. Бо, каб нас любілі, трэба, каб пра нас ведалі. І ў гэтым, паўтаруся, зыходзіў з фактаў. Шкада, што такія выдатныя дасьледчыкі сыходзяць гэтак рана…»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG