Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прага перайменавала ў гонар Нямцова плошчу, дзе знаходзіцца амбасада Расеі ў Чэхіі


Барыс Нямцоў у Менску, 2013
Барыс Нямцоў у Менску, 2013

Гарадзкая рада Прагі 24 лютага прыняла рашэньне перайменаваць плошчу ў Празе, дзе знаходзіцца амбасада Расеі ў Чэхіі, у гонар забітага расейскага палітыка Барыса Нямцова. Раней гэтая плошча насіла назву «Пад каштанамі». Разам з плошчай будзе зьменены і афіцыйны адрас расейскага консульскай установы ў Чэхіі.

«Рашэньне — акт салідарнасьці з расейскай апазыцыяй, — гаворыцца ў заяве гарадзкіх уладаў чэскай сталіцы. — Гэтым жэстам Прага далучыцца да некалькіх іншых мэгаполісаў, якія такім чынам паказваюць на цяжкую палітычную сытуацыю ў сучаснай Расеі».

Барыс Нямцоў быў віцэ-прэм’ерам Расеі з 1997-га па 1998 год, а да таго шмат гадоў займаў пасаду губэрнатара Ніжагародзкай вобласьці. Пасьля прыходу да ўлады Ўладзіміра Пуціна Нямцоў стаў адным з яго найбольш пасьлядоўных крытыкаў і адным з лідэраў апазыцыйнага руху ў Расеі.

Палітык быў забіты ў цэнтры Масквы позна увечары 27 лютага 2015 году. У яго забойстве былі прызнаныя вінаватымі і асуджаныя пяцёра ураджэнцаў Чачні: непасрэдны выканаўца забойства, Заур Дадаеў, атрымаў 20 гадоў турмы. Але заказчык забойства дагэтуль не ўстаноўлены.

Прага — ня першы горад, у якім ужо ёсьць плошча Барыса Нямцова каля амбасады Расеі. Такія ж сквэры, плошчы ці вуліцы ўжо ёсьць у Кіеве, Вільні і Вашынгтоне: усе яны знаходзяцца перад консульскімі ўстановамі Расеі, каб нагадаць Крамлю аб нераскрытым палітычным забойстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG