Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі вяскоўца, які «выхоўваў» 7-гадовую дачку папругай і кулаком


Падчас судовага працэсу

У Рэчыцы асудзілі да «хатняй хіміі» 38-гадовага Васіля. Ён «выхоўваў» сваю дачку Сафію сілавымі мэтадамі — лупцаваў яе папругай, дубцом, біў кулаком у твар.

Суд пакараў яго абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу (хатняй «хіміяй») на 2 гады. Суд таксама пастанавіў вярнуць абвінавачанаму папругу (рэчавы доказ), якой ёй зьбіваў дзіця.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якіх прысудзілі зьняволеньне на вялікія тэрміны, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі» зь яе абавязковай прымусовай працай і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Міліцыя распачала крымінальную справу па артыкуле 154 Крымінальнага кодэксу (катаваньне).

У верасьні 7-гадовая Сафія пайшла ў першую клясу. 13 верасьня яна прынесла дахаты кнігі, якія ўзяла ў школе без дазволу настаўніцы. Пэдагог патэлефанавала маці Сафіі. Тая папрасіла мужа пагутарыць з дачкой. Васіль схапіўся за папругу, потым — за дубец.

Па ягоных словах, так ён праводзіў «выхаваўчы працэс».

«Я біў не на ўсю моц»

Прадстаўніца пракуратуры Кацярына Кашыцкая спытала на судзе ў падсуднага, як ён разумее выхаваўчы працэс.

«Што трэба тлумачыць дзіцяці: што добра рабіць, а што не. Я спытаўся ў Сафіі, чаму яна прынесла кнігі дахаты. Яна маўчала. Я перапытаў некалькі разоў. Яна маўчала. Я ўзяў папругу і стукнуў яе па ягадзіцах. Яна заплакала. Прасіла, каб ня біў. Я перастаў біць і паставіў яе ў кут. Потым зноў спытаўся, чаму яна ўзяла без дазволу кнігі. Яна маўчала. Я расцаніў гэта як непавагу да мяне. Потым я трымаў яе за руку і біў дубцом, яна выкручвалася, моцна плакала», — адказаў Васіль.

«І ў чым тут выхаваўчы працэс? Вы ж нічога не тлумачылі?» — спыталася прадстаўніца пракуратуры. «Я казаў, што нельга так рабіць — браць кнігі без дазволу. Потым жонка крычала на мяне. Я яшчэ стукнуў кулаком Сафіі ў твар. Я біў не на ўсю сілу. Потым прасіў прабачэньня ў дачкі і жонкі. Дачка мяне прабачыла. Яна любіць мяне», — сказаў падсудны.

Адвакат: «І мяне ў дзяцінстве білі»

Абаронца абвінавачанага, адвакат Ігар Важдаеў спытаўся ў Васіля, ці білі яго ў дзяцінстве.

«Білі», — пацьвердзіў абвінавачаны. «І мяне білі. Каб мяне ня білі, то я б цяпер у судзе быў у іншай якасьці», — заўважыў адвакат.

На пытаньне адваката: «Як вы лічыце, ці добры вы тата?» — Васіль адказаў станоўча.

Маці дзяўчынкі папрасіла прабачыць мужа

Жонка Васіля, яна ж — законная прадстаўніца пацярпелай адмовілася даваць паказаньні на судзе. У судовых спрэчках яна прасіла прабачыць мужу.

Абвінавачаньне: Ён не раскаяўся

Прадстаўніца пракуратуры ў судовых спрэчках казала, што абвінавачаны не раскаяўся ў злачынстве.

«Ён сказаў, што лічыць сябе добрым татам. Казаў, што біў не на ўсю моц. Я думаю, што ён лічыць такое «выхаваньне» — гвалтам — як норму. Псыхолягі, якія працавалі з Сафіяй, прыйшлі да высновы, што яна баіцца сваіх бацькоў. Думаю, што тата грае ролю карнага органа ў сям'і», — выказалася Кацярына Кашыцкая.

Яна прапанавала пакараць абвінавачанага так, каб «гэтае пакараньне ён запомніў на ўсё жыцьцё» — абмежаваньнем волі (хатняй «хіміяй») на 3 гады.

Між тым прадстаўніца пракуратуры лічыць, што ня варта пазбаўляць абвінавачанага волі, бо ён адзіны, хто зарабляе ў сям'і, забясьпечвае сваіх дзяцей.

Адвакат у судовых спрэчках казаў: «няма падстаў лічыць, што абвінавачаны — дэспат» і што ён «будуе выхаваньне толькі на палцы і няма ніякага перніка».

«Хатні гвалт трэба адрозьніваць. Адно — што тата прыйдзе п’яны, не ў гуморы і будзе біць жонку і дзяцей. А можа быць проста перавышэньне выхаваўчых мер», — казаў адвакат.

Ён разважаў: можна дапускаць фізычныя пакараньні да дзяцей ці не?

«Кропка ў гэтым пытаньні не пастаўлена. У Швэцыі ці Брытаніі ў школах яны забаронены. У Сінгапуры і Інданэзіі — не. У народзе кажуць, што трэба біць дзіця, пакуль ляжыць папярок лаўкі, бо калі будзе ляжаць уздоўж — будзе позна. Чыста па-чалавечы гэта яго (абвінавачанага. — РС) дзіця, і ён адказвае за яе выхаваньне», — казаў адвакат.

Абвінавачаны ў апошнім слове сказаў, што раскайваецца і «больш так ня будзе».


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG