Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі выйшаў на волю былы прэм’ер-міністар, аўтар рэформы паліцыі


Вано Мэрабішвілі
Вано Мэрабішвілі

У Грузіі выйшаў на волю былы прэм’ер-міністар і кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Вано Мэрабішвілі. Аўтар паліцэйскай рэформы і стваральнік патрульнай паліцыі правёў у турме амаль сем гадоў. Пасьля зьмены ўлады ў краіне ў 2012 годзе ён быў асуджаны па шэрагу абвінавачваньняў, зьвязаных са злоўжываньнем службовымі паўнамоцтвамі.

Адразу пасьля вызваленьня Мэрабішвілі заявіў, што мае намер вярнуцца ў актыўную палітыку.

Першымі, з кім сутыкнуўся Мэрабішвілі, выйшаўшы за парог турмы, былі шматлікія журналісты. Адказваць на пытаньні СМІ Мэрабішвілі давялося проста на ганку. Адтуль жа ён зьвярнуўся да прыхільнікаў, якія сустракалі яго ля турмы.

«Я захаваў сілу, энэргію, надзею і веру ў тое, каб працягнуць барацьбу — для таго, каб ужо сёлета пазбавіць Грузію ад гэтага рэжыму. Я вам гарантую, што менш чым праз год гэтай улады не будзе. Таксама гарантую, што да канца году, пасьля зрынаньня ўлады, дзьверы гэтай турмы адкрыюцца і ўсе палітвязьні апынуцца на волі », —​ цытуе Мэрабішвілі тэлеканал «Настоящее время».

Былы прэм’ер Грузіі не ўдакладніў, у якой камандзе бачыць сваю палітычную будучыню. Рэч у тым, што партыя Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух», у гады кіраваньня якой Мэрабішвілі узначальваў паліцыю, распалася на некалькі частак. Усе яны ў апазыцыі да цяперашняй партыі ўлады. Мэрабішвілі заявіў, што прыме рашэньне пасьля кансультацый з усімі былымі аднапартыйцамі. Асобна экс-кіраўнік МУС зьвярнуўся да паліцыі.

«Мы з сябрамі зробім усё, каб вярнуць паліцыі годнасьць, каб аднавіўся давер, палепшылася сацыяльнае становішча паліцыянтаў. Служэньне Грузіі павінна быць не служэньнем аднаму чалавеку або партыі, а працай на карысьць краіны», — сказаў ён.

Менавіта з імем Мэрабішвілі зьвязваюць стварэньне новай грузінскай паліцыі. Рэформа МУС была прызнана пасьпяховай і ў самой Грузіі, і па-за яе межамі. Мэрабішвілі карыстаўся вялікім уплывам у краіне, а Саакашвілі называў яго «хрыбтом» палітычнай сыстэмы.

Аднак прадстаўнікі некаторых апазыцыйных партый ужо заявілі, што не гатовыя да супрацоўніцтва з Мэрабішвілі. Палітычныя апанэнты, як і некаторыя праваабаронцы, абвінавачвалі яго ў рэпрэсіях супраць іншадумцаў, ціску на бізнэс і СМІ.

Цяперашні прэм’ер-міністар Георгі Гахара заявіў: «У першыя ж хвіліны пасьля вызваленьня гэты чалавек прыгразіў зрынуць урад. Ня пакончыць з урадам ці зьмяніць яго, а менавіта скінуць. У іх ужо былі спробы зрынаньня, але нічога не выйшла. Не атрымаецца і гэтым разам. Наша ж мэта — гэта заўтрашні дзень, у якім Грузія — краіна магчымасьцяў, а не пераваротаў і зрынаньня».

Мэрабішвілі займаў пасаду міністра ўнутраных спраў са сьнежня 2004-га па ліпень 2012-га. Затым на працягу чатырох месяцаў ён узначальваў урад. Пасьля зьмены ўлады ён быў асуджаны па цэлым шэрагу спраў. Мэрабішвілі прызналі вінаватым у подкупе выбарнікаў, растраце дзяржаўных сродкаў, жорсткім разгоне мітынгаў, а таксама ва ўтойваньні доказаў па гучнай справе аб забойстве сілавікамі супрацоўніка Аб’яднанага банку Грузіі Сандра Гіргвліяні. Паплечнікі Мэрабішвілі называюць гэтыя абвінавачаньні «палітычна матываванымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG