Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму насельніцтва Беларусі скарачаецца, а Менску — расьце?


Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева агучыла 20 лютага першыя вынікі перапісу
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева агучыла 20 лютага першыя вынікі перапісу

Нацыянальны статыстычны камітэт агучыў першыя вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 2019 году. Пакуль гэтыя вынікі вельмі сьціплыя: Белстат даў літаральна некалькі лічбаў.

Сьцісла:

  • Насельніцтва Беларусі працягвае скарачацца, нягледзячы на высілкі ўладаў. Па гэтым паказьніку Беларусь трапляе ў агульны трэнд краін рэгіёну Ўсходняй Эўропы.
  • Колькасьць жыхароў Менску расьце, а ва ўсіх абласьцях Беларусі, акрамя Менскай вобласьці, насельніцтва зьменшылася. Гэта сьведчыць пра тое, што ў беларускіх рэгіёнах паглыбляецца сацыяльна-эканамічная дэпрэсія. І ў пошуках працы і заробкаў беларусы імкнуцца ў сталіцу.
  • Працэс урбанізацыі Беларусі працягваецца, хоць і ня надта высокімі тэмпамі: усяго на 3% за дзесяцігодзьдзе.

Найперш варта зьвярнуць увагу на скарачэньне колькасьці насельніцтва. Паводле дадзеных на 4 кастрычніка 2019 году, у Беларусі пражывае 9 413 446 чалавек. Дзесяць гадоў таму было 9 мільёнаў 504 тысячы. То бок насельніцтва скарацілася на 91 тыс. чалавек, альбо на 1%.

Варта адзначыць, што ў Беларусі амаль што самая нізкая шчыльнасьць насельніцтва ў Эўропе. Ніжэй толькі ў краінах Скандынавіі.

Гэта пры тым, што ўлады робяць значныя высілкі дзеля росту нараджальнасьці. У Беларусі водпуск па доглядзе за дзіцем адзін з найдаўжэйшых у сьвеце. Да таго ж толькі тут усе тры гады аказваюць яшчэ і грашовую дапамогу. Аднак усё гэта мала дапамагае.

Па гэтым паказьніку Беларусь трапляе ў агульны трэнд краін рэгіёну. Амаль паўсюль у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе колкасьць насельніцтва скарачаецца. У асноўным за кошт працоўнай міграцыі ў заходнеэўрапейскія краіны. У іншых дзяржавах рэгіёну (Украіна, Малдова, Літва, Латвія) такая міграцыя мае яшчэ большыя маштабы. У Заходняй Эўропе доля карэннага насельніцтва таксама падае, але агульная колькасьць расьце за кошт мігрантаў. То бок паводле гэтага паказьніка рэгіён Усходняй Эўропы можа лічыцца дэпрэсіўным.

Дарэчы, за пэрыяд з 1999 па 2009 гады насельніцтва Беларусі зьменшылася на 556 тыс. чалавек, то бок на 5%. Гэта значыць, што тэмпы скарачэньня насельніцтва запавольваюцца. І перапіс не пацьвярджае высновы эканамістаў пра паскарэньне працоўнай міграцыі зь Беларусі апошнімі гадамі.

Яшчэ адна выразная тэндэнцыя. Цяпер у сталіцы пражывае 2 018 281 чалавек. А паводле перапісу 2009 году, насельніцтва Менску складала 1 836 808 чалавек. То бок колькасьць жыхароў сталіцы вырасла на 181 тыс. А, напрыклад, у 1999 годзе ў Менску пражывала 1 680 567 чал. Адначасова ва ўсіх абласьцях Беларусі, акрамя Менскай вобласьці, насельніцтва зьменшылася.

І гэты працэс адбываецца насуперак неаднаразовым загадам Лукашэнкі спыніць рост насельніцтва сталіцы. Аднак тут дзейнічаюць аб’ектыўныя эканамічныя законы, на якія загады кіраўніка дзяржавы ніяк не ўплываюць. І гэта сьведчыць пра тое, што ў беларускіх рэгіёнах паглыбляецца сацыяльна-эканамічная дэпрэсія. Разрыў ва ўзроўні жыцьця ў Беларусі расьце. І ў пошуках працы і заробкаў беларусы імкнуцца ў сталіцу.

Суадносіны колькасьці мужчын жанчын у краіне за дзесяць гадоў практычна не зьмяніліся. Мужчын у Беларусі — 46,2%, жанчын — 53,8%. Перавага жаночай часткі адбываецца за кошт большай сьмяротнасьці мужчын у сталым веку.

У гарадах пражывае 77,5% насельніцтва, у сельскай мясцовасьці — 22,5%. У 2009 годзе гэтыя суадносіны складалі 74,3% і 25,7%. То бок працэс урбанізацыі Беларусі працягваецца, хоць і ня надта высокімі тэмпамі: усяго на 3% за дзесяцігодзьдзе. Варта адзначыць, што ў рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Беларусь і так адна з найбольш урбанізаваных краін.

Іншыя высновы можна будзе зрабіць пасьля абнародаваньня поўных вынікаў перапісу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG