Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства працы: у 2030 годзе пятую частку насельніцтва краіны складуць пажылыя


Ілюстрацыйнае фота

Праз 10 гадоў пажылыя людзі будуць складаць пятую частку насельніцтва Беларусі. Такая ацэнка прыводзіцца ў абгрунтаваньні нацыянальнай стратэгіі «Годнае даўгалецьце — 2030», піша БелаПАН.

Дакумэнт распрацоўваюць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У абгрунтаваньні адзначаецца, што сацыяльна-дэмаграфічнае разьвіцьцё Беларусі «характарызуецца доўгатэрміновым працэсам старэньня насельніцтва, які прагрэсуе».

«На пачатак 2019 года доля пажылых грамадзян (65 гадоў і старэйшыя) у агульнай колькасьці насельніцтва складала 15,2% (у 2010 годзе — 13,8%), што сьведчыць пра высокі ўзровень старэньня насельніцтва», — адзначаюць распрацоўшчыкі стратэгіі.

На іх думку, на працэсы старэньня робіць уплыў зьніжэньне ўзроўню нараджальнасьці.

«Узмацняецца тэндэнцыя старэньня насельніцтва. Згодна з дэмаграфічным прагнозам, блізу 2030 года доля пажылых грамадзян будзе складаць больш як пятую частку насельніцтва краіны (21%). Гэта паказвае на ўстойлівы характар і інтэнсыфікацыю працэсаў старэньня ў пэрспэктыве», — гаворыцца ў абгрунтаваньні.

Распрацоўшчыкі зьвяртаюць увагу, што ва ўмовах старэньня насельніцтва грамадзтва сутыкаецца з рызыкай зьніжэньня колькасьці працаздольных грамадзян, зьніжэньнем фінансавай устойлівасьці пэнсійнай сыстэмы, ростам дзяржаўных расходаў на ахову здароўя і сацыяльнае абслугоўваньне.

«Колькасьць і доля насельніцтва працаздольнага ўзросту з 2010 па 2019 год зьнізілася на 370 тыс. чалавек, або на 3,8 працэнтнага пункта, адпаведна дэмаграфічны цяжар насельніцтвам старэйшым за працаздольны ўзрост павялічыўся з 373 да 433 чалавек на 1.000 чалавек працаздольнага ўзросту», — канстатуюць аўтары стратэгіі.

На іх думку, прызнаньне маштабу і ўстойлівасьці працэсу старэньня і яго сацыяльна-эканамічных і іншых наступстваў «абумоўлівае неабходнасьць усебаковага ўліку пытаньняў старэньня пры прыняцьці рашэньняў ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці грамадзтва і на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіраваньня».

У стратэгіі гаворыцца, што дзяржава зьбіраецца ў найбліжэйшыя 10 гадоў забясьпечыць ахову правоў пажылых грамадзян, стымуляваць людзей да больш доўгага працоўнага жыцьця, фармаваць «камфортны ўзровень» даходу пажылых.

З 17 па 27 лютага на сайце forumpravo.by пройдзе грамадзкае абмеркаваньне дакумэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG