Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка праверыў, ці гатовыя «Раўбічы» да чэмпіянату Эўропы, і заадно пакатаўся на лыжах


Лукашэнка ў Раўбічах. Фота: тэлеграм-канал «Пул Первого»

Кіраўнік Беларусі прыехаў у Раўбічы, каб праверыць, як рыхтуецца спартыўны комплекс да чэмпіянату Эўропы па біятлёне, паведамляе БелТА.

«Мэта — пераканацца, ці ўсё гатова да правядзеньня чэмпіянату Эўропы па біятлёне, а пасьля — этапу кубка IBU», — паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого».

«Трэба аддаць належнае тым, хто здолеў нарыхтаваць горы гэтага сьнегу і выкласьці трасу. Калі такая траса захаваецца да спаборніцтваў... Бо міжнародная федэрацыя просіць, каб мы тут правялі і чэмпіянат Эўропы, і этап Кубка сьвету IBU, — сказаў Лукашэнка. — Я ня ведаю дакладныя ўмовы, але яны аплачваюць цалкам падрыхтоўку нашу, прыедуць тысячы людзей. Таму ў фінансавым сэнсе гэта акупляецца — і зь вялікім прыбыткам. Але для мяне ня гэта галоўнае. Галоўнае — заява кіраўніка IBU, што за тое, што вы нас выратавалі фактычна, мы падумаем аб тым, каб у бліжэйшы час перадаць у Раўбічы этап Кубка сьвету па біятлёну».

Аглядам трасы, па дадзеных «Пула первого», Лукашэнка вырашыў не абмяжоўвацца. Разам са сваёй камандай ён правёў лыжную трэніроўку і выйшаў на стрэльбішча.

Кіраўнік краіны адзначыў, што нават у паўночных краінах няма снегу, і міжнародны саюз біятланістаў зьвярнуўся з просьбай, каб спаборніцтвы правялі ў Беларусі. Не толькі чэмпіянат Еўропы, але і этап Кубка IBU, перадае прэс-служба Лукашэнкі

«Шчыра скажу, вельмі перажываю за гэта, кантралюю. Практычна кожную раніцу мне дакладваюць, што зроблена. А сёньня я вырашыў нечакана сваю трэніроўку перанесьці сюды і паглядзець. Вядома, траса разьбітая, цяпер ужо нуль (градусаў). Таму цяжкавата, асабліва для аматараў. А спартсмэны трэніруюцца нармальна. Мы зробім трасу. Сьнегу вунь, бачыце, горы настралялі — цэлы дывізіён гармат (сьнежных) каштуе, і нашых, і ня нашых », — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Таму калі дажджу не будзе, чэмпіянат Эўропы і этап Кубку мы правядзем годна. Ці не падвядзем міжнароднікаў, якія проста нас папрасілі выратаваць іх, таму што нідзе няма сьнегу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

З-за адсутнасці сьнегу ў эстонскім горадзе Отэпя IBU тэрмінова шукаў замену месцу правядзеньня чэмпіянату Эўропы па біятлёне. Спаборніцтвы пачнуцца 26 лютага ў спартыўным комплексе «Раўбічы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG