Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь страціла нэўтралітэт


Пікет БНФ супраць вайсковага саюзу з Расеяй, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

«Дзевяностыя forever» — відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.

У 1993 Вярхоўны Савет Беларусі прагаласаваў за далучэньне краіны да дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД (АДКБ). Беларусь страціла нэўтралітэт і апынулася ў арбіце вайсковага ўплыву Масквы.

Абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Сьцісла:

  • Пагадненьне аб сыстэме калектыўнай бясьпекі СНД было ініцыяванае Масквой і падпісанае ў 1992 года ў Ташкенце. Некаторым былым савецкім рэспублікам яно было выгоднае, бо давала абарону Расеі ў сытуацыі ваенных канфліктаў. Беларусь ня зь кім такіх канфліктаў ня мела, да таго ж Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце вызначала нэўтральны статус Беларусі.
  • З канца 1992 група дэпутатаў ВС, арыентаваных на Расею (найперш зь ліку вэтэранаў Савецкай Арміі) пачала выступаць за далучэньне краіны да АДКБ. Іх падтрымаў старшыня Савету Міністраў Вячаслаў Кебіч і старшыня камісіі ВС па пытаньнях абароны і барацьбы злачыннасьцю Мечыслаў Грыб.
  • Асноўнымі аргумэнтамі прыхільнікаў АДКБ былі таннасьць набыцьця зброі ў Расеі і гарантаваныя, як яны лічылі, замовы Расеі на беларускіх прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу.
  • Апазыцыя БНФ выступіла катэгарычна супраць далучэньня да Ташкенцкай дамовы, паколькі гэта ўцягвала Беларусь у сыстэму вайсковых інтарэсаў расейскага Генштабу. Таксама ўзьнікала пагроза ўдзелу беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеных канфліктах па-за межамі Беларусі.
  • БНФ пачаў зьбіраць подпісы, а старшыня Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч быў катэгарычна супраць падпісаньня дамовы і заявіў, што выступіць зь ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму. БНФ пачаў зьбіраць подпісы ў падтрымку нэўтралітэту. Аднак потым Шушкевіч адмовіўся ад ідэі рэфэрэндуму.
  • 9 красавіка 1993 года 188 дэпутатаў ВС прагаласавалі за далучэньне Беларусі да АДКБ.
  • Прыкметна, што далучэньне не павялічыла замовы Расеі на абаронную тэхніку; цягам наступных двух дзесяцігодзьдзяў большасьць прадпрыемстваў, завязаных на ВПК, збанкрутавалі.
  • Станоўчым варта лічыць тое, што БНФ удалося ўвязаць у грамадзкай сьвядомасьці АДКБ з пагрозай службы беларускіх вайскоўцаў за межамі краіны. За больш як чвэрць стагодзьдзя ніводзін вайсковец Узброеных Сілаў Беларусі ня ўдзельнічаў у вайсковых канфліктах за мяжой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG