Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найжахлівейшая ноч у жыцьці», — Парашэнка пра менскія перамовы ў лютым 2015 году


Зьлева направа: Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Менск, 11 лютага 2015 году
Зьлева направа: Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Менск, 11 лютага 2015 году

Пяты прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў менскія перамовы 12 лютага 2015 году «найжахлівейшай ноччу» ў жыцьці. У калёнцы для «Української правди» палітык заявіў, што перад перамовамі ён езьдзіў у Краматорск Данецкай вобласьці. 10 лютага 2015 году там у ракетнай атацы загінулі 17 чалавек.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«Стамляльны 19-гадзінны маратон з [прэзыдэнтам Расеі] Пуціным, халодным, жорсткім і глыбока варожым да Ўкраіны „перамоўнікам“ — гэта нішто ў параўнаньні з узрушэньнем, якое выпала перад тым перажыць усходнеўкраінскаму гораду», — піша Парашэнка.

Ён лічыць, што краматорская трагедыя «не кранула ніводнай струны» ў душы Пуціна.

«Пасьля [былы прэзыдэнт Францыі] Франсуа Алянд напіша, як «шмат разоў Парашэнка і Пуцін падымалі голас адзін на аднаго. Так, гэта была найжахлівейшая ноч у маім жыцьці. Аднак вырашальная для таго, каб стрымаць агрэсара... Ключавая задача Менску-2 палягала ў тым, каб спыніць наступ расейскіх рэгулярных войскаў, прадухіліць акружэньне нашых салдат, выратаваць жыцьці тысяч людзей, вайскоўцаў і цывільных асобаў», — успамінае пяты прэзыдэнт.

Паводле яго, Пуцін настойваў, што 8 тысяч украінскіх вайскоўцаў — у атачэньні.

«Мы адназначна заявілі, што ніякага акружэньня няма, а нашы зброі не складуць. Але, каб пераканаць у гэтым усіх удзельнікаў сустрэчы, украінская дэлегацыя на нейкі час перамясьцілася ў асобнае памяшканьне. Адтуль празь лінію закрытай сувязі мы кантактавалі з Генштабам. Урэшце атрымалі яснае паведамленьне, што нашы працягваюць абарону па лініі, вызначанай у Менску 19 верасьня 2014 году, і акружэньня не дапусьцяць», — сказаў Парашэнка.

На яго думку, Пуцін «цягнуў час», каб украінскія вайскоўцы былі акружаныя і зьнішчаныя, альбо, «у найлепшым выпадку, — раззброеныя і захопленыя ў палон. Нягледзячы на гэта, Масква ўрэшце пагадзілася на прыпыненьне агню з 15 лютага.

«Галоўнае, што менскія пагадненьні далі Ўкраіне — гэта каштоўны час. Час для сыстэмнага разьвіцьця арміі. Час засяродзіцца на пераадоленьні сацыяльнага крызісу, выкліканага вайной і блякаваньнем доступу ўкраінскіх тавараў на расейскі рынак. Час для таго, каб умацаваць міжнародную кааліцыю ў падтрымку Украіны. Час, каб стварыць і ўтрымліваць санкцыйны мэханізм супраць Расеі», — заявіў былы прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG