Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі запрасіў папу Францішка ва Ўкраіну і папрасіў дапамогі ў вяртаньні ўкраінцаў з палону


Папа рымскі Францішак і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Папа рымскі Францішак і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 лютага сустрэўся з папам рымскім Францішкам. Гэта першы візыт палітыка ў Ватыкан з моманту ягонага абраньня прэзыдэнтам.

Як паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі папрасіў пантыфіка садзейнічаць у вяртаньні украінцаў, якіх утрымліваюць на тэрыторыі сэпаратысцкіх рэгіёнаў Данбасу і ў анэксаваным Крыме, а таксама ў Расеі. Да суботняй сустрэчы папа Францішак неаднаразова выказваўся на тэму міру ва Ўкраіне і маліўся аб спыненьні вайны. Таксама ён у мінулым годзе сустракаўся (ужо другі раз за апошнія гады) з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Зяленскі падзякаваў папу Францішку за дабрачынную акцыю, у рамках якой украінскім уцекачам з Данбасу было выдзелена каля 16 мільёнаў эўра. Зь іх 11 мільёнаў сабралі ў каталіцкіх храмах Эўропы, а яшчэ 5 мільёнаў папа вылучыў са спэцыяльных фондаў. Дапамогу атрымалі каля 500 тысяч украінцаў.

Папа рымскі Францішак і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Папа рымскі Францішак і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Таксама Зяленскі запрасіў папу зрабіць візыт ва Ўкраіну, падкрэсьліўшы, што «для таго, каб да канца зразумець, што адбываецца ў нас на ўсходзе, трэба ехаць на ўсход». Пакуль ня ясна, ці прыняў папа запрашэньне і калі можна чакаць візыту. Аднак, паводле крыніц телеканалу «Настоящее время», візыт могуць заплянаваць ўжо на наступны год, прымеркаваўшы яго да 20-годзьдзя візыту ва Ўкраіну папы Яна Паўла II.

Напярэдадні візыту Зяленскага паведамлялася пра тое, што адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны рыхтуецца падпісаць канкардат паміж Украінай і Ватыканам. Але пра падпісаньне нейкага дакумэнту не паведамлялася.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан і Італію. У 2009 годзе з Ватыкане ён сустрэўся з папам рымскім Бэнэдыктам ХVI, адбылася таксама сустрэча з тагачасным прэм’ерам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі.

Наступны візыт у Ватыкан і Італію адбыўся ў 2016 годзе, пасьля зьняцьця зь Беларусі большасьці эўрапейскіх санкцыяў, накладзеных за парушэньні правоў чалавека і здушэньне пратэстаў пасьля выбараў 2010 году. У 2016 годзе Лукашэнка ў Ватыкане сустрэўся з папам Францішкам, адначасова тады ж адбыўся і афіцыйны візыт у Італію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG