Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбіральніцы, якая атрымлівала 70 рублёў у калгасе, паднялі заробак. Цяпер яна мае 228 рублёў


Ілюстрацыйнае фота. У калгасе «Зара» Глускага раёну
Ілюстрацыйнае фота. У калгасе «Зара» Глускага раёну

Натальля Гусева, якая працуе прыбіральніцай у калгасе «Зара» Глускага раёну Магілёўскай вобласьці, паведаміла Свабодзе, што яе заробак павысілі.

Пасьля публікацыі відэа, у якім жанчына паказвае разьліковы квіток за лістапад з заробкам 70 рублёў, кіраўніцтва райвыканкаму перагледзела выплаты. У студзені першы намесьнік старшыні райвыканкаму Ўладзімер Карповіч казаў, што з сытуацыяй у гэтай гаспадарцы яны знаёмыя і неўзабаве разьбяруцца.

«За лістапад мне даплацілі яшчэ 126 рублёў. Такім чынам, разам атрымалася амаль 200 рублёў. А за наступны месяц, сьнежань, заробак склаў ужо 228 рублёў», — расказала Натальля.

Жанчына дадала, што гэтыя выплаты ёй ніяк не патлумачылі, зь ёй асабіста ніхто не размаўляў. Але ў бухгальтэрыю калгасу званілі з Глускага райвыканкаму і цікавіліся, ці складае плошча, якую прыбірае Натальля, 40 квадратных мэтраў.

«Папраўдзе, там больш за 70 квадратных мэтраў. Плюс я прыбіраю двор. Таму, калі яны хочуць перамераць і зрабіць новыя расцэнкі, я толькі за, бо тады буду атрымліваць яшчэ больш», — кажа жанчына.

Даяркам, які працуюць у калгасе «Зара», таксама павысілі заробкі, паведаміла Гусева, цяпер яны маюць больш за 500 рублёў за месяц. На момант здымак відэа тры жанчыны скардзіліся, што, працуючы па 9 гадзін на содні без выходных, ня могуць зарабіць больш за 250 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG