Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стваралі «савецкага беларуса». 5 тэзісаў беларускага культуроляга Вольгі Раманавай


Вольга Раманава падчас лекцыі на тэму «Як стваралі „савецкага беларуса“?» у Кіеве
Вольга Раманава падчас лекцыі на тэму «Як стваралі „савецкага беларуса“?» у Кіеве

Вольга Раманава, філёляг, культуроляг і выкладчыца Эўрапейскага каледжу Liberal Arts, дасьледуе беларускія фільмы савецкага часу празь іх сацыякультурны аналіз і ў палітыка-гістарычным кантэксьце.

Адзін з вынікаў свайго дасьледаваньня яна прэзэнтавала на публічнай лекцыі на тэму «Як стваралі „савецкага беларуса“?» у Кіеве, у Нацыянальным цэнтры Аляксандра Даўжэнкі, у межах супольнага з украінскімі калегамі праекту «Культурфільм. Фільмы і міты «братэрскіх рэспублік».

Вольга Раманава
Вольга Раманава

Экранны вобраз «савецкага беларуса» ствараўся ў сталінскі пэрыяд у атмасфэры жорсткай партыйнай крытыкі беларускіх фільмаў і працы нацыянальнай кінастудыі, канфліктаў у сыстэме кінакіраўніцтва, абвінавачваньняў у «буржуазным нацыяналізьме» і рэпрэсій. А ў пачатку 1930-х шэраг першых беларускіх фільмаў былі абвешчаныя «палітычна памылковымі».

Першымі рэжысэрамі беларускага кіно былі небеларусы

У беларускага кіно не было сваёй дарэвалюцыйнай гісторыі — трэст «Белдзяржкіно» стварылі ў 1924 годзе, а першыя ігравыя фільмы выйшлі на экран у 1926-м. Яны спачатку ствараліся ў Маскве, потым «Белдзяржкіно» атрымала сваё памяшканьне ў Ленінградзе (кінастудыя «Савецкая Беларусь»). Ствараць ігравое кіно ў Менску пачалі толькі пасьля вайны, калі запрацавала кінастудыя «Беларусьфільм».

Афішы першага беларускага кіно
Афішы першага беларускага кіно

З гэтым зьвязана адна спэцыфічная праблема, якую Вольга Раманава назвала «радавой траўмай беларускага кіно»:

— Першыя фільмы рабілі запрошаныя рэжысэры-небеларусы, і многім зь іх было лягчэй працаваць зь небеларускай тэматыкай. У выніку з 21 кінастужкі, створанай з 1926-га па 1930-ы, толькі 10 былі прысьвечаныя беларускаму жыцьцю і гісторыі. Таму адразу пасьля выхаду першага фільма «Прастытутка», які здымаўся на вуліцах Масквы, кіраўніцтва кінастудыі пачалі жорстка крытыкаваць у беларускай прэсе, патрабуючы ствараць «нацыянальнае кіно», якое б адрозьнівала беларускія фільмы ад іншых. Але кіраўніцтва працягвала пераконваць, што для ўсесаюзнага «касавага пракату» патрэбны «агульнацыянальныя», зразумелыя ва ўсіх куточках Савецкага Саюзу фільмы.

Беларусізацыя і бальшавізацыя адначасова

Першым менавіта нацыянальным стаў фільм «Лясная быль», створаны паводле аповесьці беларускага пісьменьніка Міхася Чарота рэжысэрам Юрыям Тарычам.

— Ён быў менш касавым, чым «Прастытутка», але стаў больш вядомым. Тарыч вельмі добрасумленна падышоў да стварэньня гэтай кінастужкі. Каб дадаць рэалізму ў прыгодніцкі сюжэт, ён задзейнічаў у масоўцы рэальных беларускіх сялян і жыхароў вёскі Прылукі ды навакольля. Яны не былі акторамі і не выконвалі роляў, таму ў выразах іхных абліччаў мы можам убачыць сапраўднае стаўленьне да бальшавізацыі Беларусі. І, дзякуючы такой рэжысуры, сёньня мы маем унікальную магчымасьць пабачыць рэальных тагачасных беларусаў — тых, каго трэба было ператварыць у савецкіх, — распавядае Вольга Раманава.

Вольга Раманава расказвае пра асаблівасьці «Лясной былі»
Вольга Раманава расказвае пра асаблівасьці «Лясной былі»

У 20-я гады Савецкую Беларусь ачольвалі людзі, якія адначасова былі апантаныя камуністычнымі ідэямі і бачылі неабходнасьць у беларусізацыі. Стужка «Лясная быль» стваралася згодна з гэтай праграмай, таму куратарамі стужкі былі асабіста Ёсіп Адамовіч (старшыня Савету народных камісараў БССР у 1924–1927 гадах) і Аляксандар Чарвякоў (у той час ён узначальваў Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР ад БССР).

— Ідэя беларусізацыі падтрымлівалася ня ўсім кіраўніцтвам, і ад гэтага вынікалі ідэалягічныя канфлікты як усярэдзіне самой партыі, гэтак і сярод інтэлігенцыі. Найгалоўнейшы канфлікт гэтага часу — барацьба з «ухіламі» у «вялікарасейскі шавінізм» і «буржуазны нацыяналізм», які адсылае да вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Цікава, што ў пачатку 1920-х менавіта «вялікарасейскі шавінізм» называлі галоўнай небясьпекай для палітыкі камуністычнай партыі Беларусі.

Вытрымка з дакумэнту 1921 году менскай арганізацыі Кампартыі
Вытрымка з дакумэнту 1921 году менскай арганізацыі Кампартыі

Але пасьля 1929 году падобнае афіцыйнае выказваньне стала ўжо немагчымае, бо галоўнай небясьпекай становіцца «ўхіл у буржуазна-дэмакратычны нацыяналізм», які кінакрытыкі выявілі нават у «Лясной былі» празь некалькі гадоў пасьля ягонага пракату.

Формула «савецкага беларуса»

Паводле дасьледчыцы, экранная формула «савецкага беларуса», якая стваралася ў 1930-я і пасьляваенныя сталінскія гады, — гэта паказ беларусаў як калектывізаванай і мадэрнізаванай сялянскай нацыі.

— У аснове формулы — міт пра пасьпяховую і добраахвотную калектывізацыю, да якога пасьля вайны дадаецца міт пра «партызанскую рэспубліку», дзе не было канфліктаў паміж мясцовым насельніцтвам і партызанамі. Галоўнай мэтай гэтай нацыянальнай мадэлі было бесканфліктнае сумяшчэньне з ідэяй савецкай імпэрыі, таму яна мае ў сабе як рысы савецкай утопіі, так і падтрымлівае палітычную герархію «старэйшай» і «малодшых» братэрскіх рэспублік, — кажа Вольга Раманава.

Паводле яе, як і любая мітычная і ідэалягічная канструкцыя, вобраз «савецкага беларуса» працаваў на выцясьненьне «нязручнай» памяці — пра рэпрэсіі, раскулачваньне, сялянскія бунты, паўстаньні супраць бальшавікоў, іншыя нацыянальныя праекты, у тым ліку пра Кастуся Каліноўскага, а таксама пра сапраўдную партызанскую гісторыю і акупацыю.

— Падобная мадэль савецкай нацыянальнай ідэнтычнасьці была бесканфліктнай у дачыненьні да цэнтру, таму яна так ці інакш праявілася ва ўсіх рэспубліках (праўда, у розных нацыянальных культурах яна магла напаўняцца рознымі мітамі).

Апроч таго, любое савецкае нацыянальнае мастацтва з пачатку 30-х гадоў павінна было прыстасавацца да формулы, якую вынайшаў Сталін: «Нацыянальныя мастацтвы павінны быць нацыянальнымі па форме і сацыялістычнымі па зьмесьце». Такой формай стала этнаграфічная — арнамэнты, традыцыйнае адзеньне, танцы і гэтак далей. Такое нацыянальнае мастацтва вельмі падтрымлівалася ў СССР доўгія гады, бо было агістарычным і апалітычным, а таму і бясьпечным для прыняцьця «савецкасьці», — сьцьвярджае Вольга Раманава.

Савецкае кіно як прышчэпка ад прапаганды

Дасьледчыца кіно і савецкай культуры перакананая, што цяпер асабліва карысна глядзець кінастужкі, створаныя як у ранейшы, так і позьні савецкі пэрыяд:

— Найперш кіно сталінскага пэрыяду — вельмі клясны трэнажор, які дазваляе працаваць з ідэалёгіяй, бо яна ў гэтых творах на паверхні і ейныя мэханізмы відаць. Шчыра кажучы, я б нават у старэйшых клясах школ паралельна з вывучэньнем ХХ стагодзьдзя паказвала б савецкае кіно — няхай гэта будзе «Цырк» або "Волга-Волга«Аляксандрава, альбо нашы беларускія савецкія фільмы «Лясная быль» ці «Канцэрт Бэтховэна».

У іх, кажа Вольга Раманава, ідэалёгія настолькі яўная, што людзі самі могуць абмяркоўваць, чаму яна зацягвала і як яна працуе:

— Савецкая ўтопія сапраўды зацягвае: найбольш моцна зробленыя савецкія фільмы зьяўляюцца вельмі сугестыўнымі. Вы бачыце ўтапічнае грамадзтва, абсалютна эмпатычны калектыў «сваіх» і гуманістычныя ідэалы. Наступны крок — праца з ідэалягічнымі мэханізмамі. Трэба ўбачыць, як у сталінскай культуры і палітыцы сумяшчаюцца гуманістычная рыторыка і таталітарна-рэпрэсіўная рэальнасьць. Гэта вельмі цікавая канструкцыя і, калі хочаце, яе разуменьне — прышчэпка ад любых ідэалягічных маніпуляцый.

«Савецкія беларусы» у сучаснай Беларусі

Паводле Вольгі Раманавай, формула «савецкага беларуса», створаная ў сталінскія часы, выкарыстоўвалася да самой перабудовы, але з часоў адлігі ў Савецкай Беларусі пачалі зьяўляцца асобныя творы, якія імкнуліся такія падыходы рэлятывізаваць ці разбурыць наагул.

— Цікава, як гэтая формула выкарыстоўваецца сёньня. Напрыклад, калі ўзьнікла небясьпека беларуска-расейскай інтэграцыі, з расейскага і прарасейскага боку назіралася спроба апэляваць менавіта да «савецкіх беларусаў». Бо толькі яны могуць адгукнуцца на гэты кліч, бо прывыклі адчуваць сябе часткай адзінага савецкага цела, у якім нацыянальныя адметнасьці, а тым больш нацыянальныя канфлікты, траўмы, якія наносілі адзін аднаму «брацкія народы», — гэта ўсё неістотна, бо яно як раз выцясьняецца вобразам савецкага беларуса, — кажа Вольга Раманава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG