Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №40, якім «комплексна ўрэгуляваў дачыненьні, што ўзьнікаюць у сувязі з эмісіяй і абаротам паліўных картак», паведамляе ягоная прэс-служба.
Сам указ пакуль не апублікаваны, ёсьць толькі камэнтар прэзыдэнцкай прэс-службы да яго. З камэнтару вынікае, што нейкіх прынцыповых новых абмежаваньняў, дазволаў ці забаронаў ня ўводзяць.
Гэты ўказ:
- дае азначэньне паліўнай карткі, парадку яе выпуску і абароту;
- вызначае форму карткі: гэта можа быць як плястыкавая картка, так і віртуальны нумар, мікрачып, QR-код ці штрых-код або іншае праграмна-тэхнічнае прыстасаваньне;
- вылучае паліўную картку ў асобны маркетынгавы інструмэнт, які не зьяўляецца электроннымі грашыма і не патрабуе кіраваньня банкамі або іншымі фінансавымі ўстановамі;
- апісвае, што картка можа выкарыстоўвацца ня толькі для аплаты паліва, але і для аплаты платных дарогаў, і для платы за розныя тавары і паслугі, зьвязаныя з тэхнічным станам транспартнага сродку, арганізацыяй паездак, харчаваньнем і адпачынкам кіроўцы.
Паліўныя карткі ў розных формах (і плястыкавыя карткі, і бірулькі з чыпамі, і іншае) ужо існуюць у Беларусі. Некаторыя ўжо дазваляюць атрымаць зьніжкі на паліва, праводзіць плацяжы ў BelToll, плаціць за паліва ў іншых краінах, нават аплочваць штрафы або транспартаваньне машыны паромам.