Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў заявіў, што прагаласуе за імпічмэнт Трампу


Сэнатар Міт Ромні

Сэнатар Міт Ромні стаў першым прадстаўніком Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ЗША, які абвясьціў, што прагаласуе за адхіленьне Дональда Трампа з пасады прэзыдэнта.

У сваёй прамове Ромні прызнаў, што, хутчэй за ўсё, будзе ў меншасьці ў Сэнаце, але такое рашэньне дыктуюць яму ягоныя перакананьні.

Ромні быў кандытатам ў прэзыдэнты ЗША на выбарах 2012 году.

Сэнат ЗША мае правесьці фінальнае галасаваньне ў справе аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа 5 лютага ў 16.00 паводле вашынгтонскага часу, калі ў Менску будзе за поўнач і ўжо 6 лютага.

Расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту Трампа пачалося ў верасьні, пасьля таго, як супрацоўнік спэцслужбаў, імя якога афіцыйна да гэтага часу не названае, напісаў скаргу на ціск, які прэзыдэнт, паводле ягончых дадзеных, рабіў на Ўкраіну з мэтай перашкодзіць свайму магчымаму суперніку на выбарах 2020 году дэмакрату Джо Байдэну.

19 сьнежня 2019 году Дональд Трамп стаў трэцім прэзыдэнтам ЗША пасьля Эндру Джонсана і Біла Клінтана, якому Палата прадстаўнікоў абвясьціла імпічмэнт. Яго абвінавачваюць злоўжываньні ўладай і перашкаджаньню працы Кангрэсу.

Паколькі для зьняцьця з пасады патрэбныя дзьве траціны галасоў, а большасьць у Сэнаце належыць рэспубліканцам, Дональд Трамп, хутчэй за ўсё, захавае сваю пасаду. У Белым доме заявілі пра перакананасьць Трампа ў тым, што Сэнат яго апраўдае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG