Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк занепакоіўся «спробамі ўцягнуць усю Беларусь у растэрміноўку». І адрэагаваў


Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў банку
Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў банку

Нацыянальны банк Беларусі занепакоены сытуацыяй з банкаўскімі растэрміноўкамі. Сваю пазыцыю да гэтага прадстаўнікі банку выказалі падчас нядаўняй сустрэчы з эканамістамі, паведамляе БелаПАН.

У Нацбанку лічаць, што спробы камэрцыйных банкаў «уцягнуць ўсю краіну ў растэрміноўку» генэруюць сыстэмныя рызыкі, у тым ліку сацыяльныя, зьвязаныя з ростам пазыковай нагрузкі на хатнія гаспадаркі. Для зьніжэньня такіх рызык Нацбанк ужо накіраваў у студзені 2020 году рэкамэндацыі камэрцыйным банкам для зьмены ўмоваў даваньня растэрміновак.

Карткі растэрміноўкі сталі ў апошнія гады даволі папулярнымі. Іх перавага ў тым, што пакупнікі могуць аплачваць дарагія таваы часткамі, бяз выплаты працэнтных плацяжоў банку за пэрыяд растэрміноўкі. Але, як высьветлілі ў Нацбанку, камэрцыйныя банкі спаганяюць вялікае ўзнагароджаньне з арганізацый гандлю пры продажы тавараў у растэрміноўку (у некаторых выпадках — да 30% ад кошту тавару). Таму ў студзені Нацбанк увёў максымальны памер любога віду ўзнагароджаньня — 4% ад кошту тавару, якое арганізацыі гандлю могуць пералічваць банку.

Паводле інфармацыі БелаПАН, калі банкі паспрабуюць абысьці гэтыя рэкамэндацыі, у Нацбанку гатовыя ўвесьці новыя захады для рэгуляваньня рынку растэрміновак.

На мінулым тыдні некаторыя камэрцыйныя банкі пасьля атрыманьня ліста Нацбанку ўжо абвясьцілі пра перагляд умоваў даваньня растэрміновак. Калі раней банкі выдавалі фактычна беспрацэнтныя растэрміноўкі, дык з 1 лютага «Прыёрбанк» стаў спаганяць да 6% гадавых зь фізычных асобаў у выпадку афармленьня растэрміноўкі больш чым на 6 месяцаў. А «Беларусбанк» адмовіўся ад прадукту «растэрміноўка безь пераплаты».

Экспэрты лічаць, што рэгуляванне Нацбанкам рынку банкаўскіх растэрміновак апраўдана і дазваляе абараніць пакупнікоў, у якіх «можа стварацца ілюзія, што тавары ў растэрміноўку прадаюцца амаль бясплатна, бо іх купля не патрабуе ні першапачатковых плацяжоў, ні працэнтных выплат», ад імпульсіўных рашэньняў, адзначае старэйшы аналітык Forex Club. Сем’і, якія кожны месяц бяруць тавары ў растэрміноўку, могуць сутыкнуцца зь непадʼёмнай пазыковай нагрузкай, дадае ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG