Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінальнае галасаваньне ў справе аб імпічмэнце Трампа адбудзецца 5 лютага


Сэнат ЗША правядзе фінальнае галасаваньне ў справе аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа 5 лютага. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі пасьля таго, як сярод сэнатараў не хапіла галасоў для выкліку новых сьведкаў у справе.

Чакаецца, што фінальнае галасаваньне пройдзе ў сераду ў 16.00 паводле мясцовага часу (24.00 у Менску).

«Большасьць у Сэнаце прыйшла да высновы, што шматлікія свьедкі і больш за 28 000 старонак дакумэнтаў, якія ўжо прыцягнутыя ў якасьці доказаў, дастатковыя для таго, каб меркаваць аб абвінавачаньнях, вылучаных мэнэджэрамі імпічмэнту ад Палаты прадстаўнікоў і скончыць гэты працэс», — заявіў лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Міч Макконэл.

Лідэр дэмакратычнай меншасьці Чак Шумэр асудзіў адмову рэспубліканцаў далучыць да суду дадатковых сьведкаў і дакумэнты.

Заключныя аргумэнты бакоў на працэсе заслухаюць 3 лютага.

21 студзеня ў Сэнаце стартаваў судовы працэс ў справе аб імпічмэнце Трампа.

Расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту Трампа пачалося ў верасьні, пасьля таго, як супрацоўнік спэцслужбаў, імя якога афіцыйна да гэтага часу не названае, напісаў скаргу на ціск, які прэзыдэнт, паводле ягончых дадзеных, рабіў на Ўкраіну з мэтай перашкодзіць свайму магчымаму суперніку на выбарах 2020 году дэмакрату Джо Байдэну.

19 сьнежня 2019 году Дональд Трамп стаў трэцім прэзыдэнтам ЗША пасьля Эндру Джонсана і Біла Клінтана, якому Палата прадстаўнікоў абвясьціла імпічмэнт. Яго абвінавачваюць злоўжываньні ўладай і перашкаджаньню працы Кангрэсу.

Паколькі для зьняцьця з пасады патрэбныя дзьве траціны галасоў, а большасьць у Сэнаце належыць рэспубліканцам, Дональд Трамп, хутчэй за ўсё, захавае сваю пасаду. У Белым доме заявілі пра перакананасьць Трампа ў тым, што Сэнат яго апраўдае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG