Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі на каранавірус захварэлі амаль 12 тысяч чалавек, памерлі 259


Ілюстратыўнае фота

Па стане на вечар 31 студзеня на каранавірус захварэлі 11 791 чалавек. Яшчэ ў 17 988 — падазрэньне на гэтае захворваньне, паведамляе дзяржаўны камітэт КНР па пытаньнях аховы здароўя.

Яшчэ 118 478 чалавек у Кітаі праходзяць мэдыцынскае абследаваньне, бо кантактавалі з людзьмі, якія захварэлі. Таксама 171 чалавек вылекаваліся ад каранавірусу.

Апроч Кітаю каранавірус зафіксавалі ў Швэцыі, Расеі, Тайландзе, Ганконгу, Японіі, Сінгапуры, у Аўстраліі і на Тайвані, у Малайзіі, Макао, ЗША і Паўднёвай Карэі, у Францыі, Нямеччыне і ААЭ, у Канадзе, В’етнаме і Італіі, Фінляндыі, Камбоджы, Непале, Філіпінах, Індыі і Шры-Ланцы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай новага каранавірусу з Кітаю стала COVID19 (Corona Virus Disease).

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам па-за межамі Кітаю зафіксавалі ў 27 краінах.
  • Улады Кітаю закрылі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Па стане на раніцу 14 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 1383 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 64,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG