Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША ў Кіеве: «Амэрыканская падтрымка Ўкраіны непахісная»


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў кіеўскім аэрапорце, 30 студзеня 2020 году

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо прыбыў у Кіеў, ён абмяркуе з кіраўніцтвам Украіны супрацоўніцтва і барацьбу з расейскай агрэсіяй, паведамляе «Голас Амэрыкі». 1 лютага Пампэо прыбудзе ў Менск.

Па прылёце ў Кіеў, Пампэо напісаў у сваім твітэры: «Добра быць сёньня ў Кіеве. Падтрымка Ўкраіны ў ЗША непахісная, і я маю намер падкрэсьліць гэта, сустракаючыся з украінскімі ўрадавымі лідэрамі, каб абмеркаваць шляхі прагрэсу нашага стратэгічнага партнэрства і ўмацаваньня пазыцыі Ўкраіны як свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы».

31 студзеня Пампэо сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, міністрам замежных спраў Вадзімам Прыстайкам і міністрам абароны Андрэем Загараднюком. На перамовах абмяркуюць пашырэньне і ўмацаваньне адносін паміж ЗША і Ўкраінай, а таксама сумеснае супрацьстаяньне пагрозе ўплыву з боку Расеі, гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША, апублікаваным 30 студзеня. Таксама дзяржсакратар плянуе падкрэсьліць, што ЗША па-ранейшаму ўсяляк падтрымліваюць Украіну і эўра-атлянтычную інтэграцыю краіны.

Таксама Пампэо сустрэнецца зь мітрапалітам Эпіфаніем, прадстаяцелем Праваслаўнай царквы Ўкраіны, лідэрамі грамадзкай думкі і прадстаўнікамі бізнэсу, возьме ўдзел у цырымоніі ўскладаньня вянкоў у памяць украінцаў, якія сталі ахвярамі канфлікту на Данбасе, абараняючы сваю радзіму ад расейскай агрэсіі.

У заяве Дзярждэпартамэнту нагадалі, што ЗША падтрымліваюць Украіну ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі і дэзынфармацыйным кампаніям, дапамагаюць краіне ў барацьбе з карупцыяй. Пачынаючы з 2014 году, ЗША аказалі Ўкраіне дапамогу агулам на звыш 3,3 млрд даляраў — як у галіне бясьпекі, так і ў іншых сфэрах. Акрамя таго, ЗША далі за гэты час тры крэдыты пад гарантыю дзяржавы на 1 млрд даляраў кожны.

ЗША па-ранейшаму лічаць Крым часткай Украіны і ніколі не прызнаюць законнымі расейскія спробы анэксаваць паўвостраў, падкрэсьліваецца ў заяве. Пачынаючы са студзеня 2017 году ўлады ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 168 людзей і кампаній у сувязі з крымскай анэксіяй.

1 лютага Майк Пампэо прыбудзе ў Менск, дзе сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG