Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія і Казахстан вырашылі эвакуаваць сваіх грамадзянаў з кітайскага Уханя. Беларусь пакуль не


Улады Грузіі і Казахстану прынялі рашэньне эвакуаваць сваіх грамадзян з кітайскага горада Уханя ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса 2019-nCOV, а таксама прыпыніць авіязносіны з Кітаем.

«Палёты будуць спыненыя, плянуецца эвакуацыя нашых грамадзян. Сёньня ў другой палове дня ў нас будзе сустрэча, дзе мы прымем рашэньне, якімі шляхамі эвакуюем іх», — заявіла 28 студзеня журналістам міністарка аховы здароўя Грузіі Кацярына Тыкарадзэ.

Паводле дадзеных амбасады Грузіі ў Кітаі, ва Ухані, які ёсьць эпіцэнтрам захворваньня, знаходзяцца пяць грамадзян Грузіі. Рэйсы Экін — Урумчы — Тбілісі, заплянаваныя на 25 і 27 студзеня, ужо не былі выкананыя.

Улады Казахстану 28 студзеня таксама заявілі, што рыхтуюцца накіраваць спэцборт у Кітай для вывазу 98 казахстанскіх студэнтаў, «атрыманьне дыпляматычнага дазволу знаходзіцца на стадыі ўзгадненьня з Кітаем», — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Казахстану Шахрат Нурышаў. Раней улады Казахстану заяўлялі, што ўлады Кітая з прычыны карантыну не дазваляюць вывезьці з гораду каля ста казахстанскіх студэнтаў.

Беларусам прапануюць зьвяртацца ў амбасаду

У Беларусі не прынялі рашэньне эвакуаваць грамадзян. Амбасада Беларусі ў Кітаі, аднак, гатовая судзейнічаць беларусам, якія знаходзяцца ў правінцыі Хубэй і хочуць выехаць з тэрыторыі правінцыі, і прапануе зьвяртацца ў амбасаду па тэлефоне +86 155-1061-8510.

Паводле амбасады Беларусі ў Кітаі, цяпер у закрытых гарадах кітайскай правінцыі Хубэй знаходзяцца як мінімум 12 беларусаў.

Як паведаміла Міністэрства замежных спраў КНР, замежныя грамадзяне могуць пакінуць рэгіёны правінцыі Хубэй на падставе афіцыйнага запыту амбасады. Пасьля выезду замежнікаў зьмесьцяць на карантын па месцы далейшага знаходжаньня ў Кітаі тэрмінам на 14 дзён.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.
  • Па стане на раніцу 28 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 2858 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 83,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).

  • 27 лютага ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак COVID-19 — вірус выявілі ў студэнта аднаго зь беларускіх ВНУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі». Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG