Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Вярхоўнага суду зьявіцца помнік Статуту ВКЛ і Канстытуцыі Беларусі 


Будынак Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь

Перад новым будынкам Вярхоўнага суду ў Менску паставяць стэлу ў гонар асноўных дакумэнтаў, паміж якімі амаль паўтысячы гадоў — Статуту Вялікага Княства Літоўскага і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Аўтары скульптурнай кампазыцыі — Сяргей Бандарэнка і Арцём Мядзьведзеў. Іхны сумесны праект быў абвешчаны пераможцам конкурсу, ініцыяванага Міністэрствам культуры.

Інтэр'ер будынку Вярхоўнага суду
Інтэр'ер будынку Вярхоўнага суду

«Гэта памятны знак у гонар дзьвюх гістарычных падзеяў — 490-годзьдзя Статуту ВКЛ і 25-годзьдзя Канстытуцыі Беларусі, — патлумачыў Свабодзе скульптар Сяргей Бандарэнка. — Да канца мінулага году была задача працу завершыць, мы зь ёй справіліся, помнік гатовы. На жаль, гэта ня камень (проста фізычна не хапіла часу, бо абмежаваныя тэрміны), але матэрыял таксама даўгавечны, гэта алюміній з імітацыяй пад камень».

Прыслаць фота самога помніка Сяргей Бандарэнка пакуль ня можа, кажа, што трэба дачакацца пэўнасьці з тэрмінамі ўстаноўкі.

Помнік вялікаму князю Альгерду ў Віцебску
Помнік вялікаму князю Альгерду ў Віцебску

Сяргей Бандарэнка ўжо мае досьвед працы ў гонар асобаў і падзеяў Вялікага Княства Літоўскага. Так, у 2014 годзе ў Віцебску пастаўлены ягоны конны помнік князю Альгерду. Цяпер ідзе збор сродкаў на аналягічны помнік ягонага аўтарства першаму князу ВКЛ Міндоўгу ў Наваградку.

Як у адным помніку ўдалося сумясьціць розныя гістарычныя эпохі? Першы звод законаў ВКЛ, які лічацца правобразам Канстытуцыі, датаваны 1529 годам. Узрост першай беларускай Канстытуцыі найноўшага часу — чвэрць стагодзьдзя.

«Мы зрабілі стылізацыю пад абэліск у выглядзе жанчыны, — удакладняе скульптар. — Фігура ў стылі арт-дэко, у адзеньні з нацыянальнымі рысамі. У адной руцэ Статут, у другой — Канстытуцыя. Гэткі сымбаль пераемнасьці нашай гісторыі ад таго часу да сёньняшняга. Прапорцыі ўмоўныя: усё ж сучасны Асноўны закон — кніжачка непараўнальна больш сьціплая за фаліянт Статуту. Шчыра кажучы, вельмі складаная тэма, вырашыць яе неяк больш канкрэтна цяжка. Таму атрымаўся такі вось алегарычна-сымбалічны вобраз з паглыбленьнем у мінуўшчыну».

Скульптар ня мае дакладных зьвестак, калі 4,5-мэтровы помнік зойме месца каля Вярхоўнага суду, будынак якога ня так даўно зьявіўся побач з Палацам Незалежнасьці.

«Мы толькі скульптары, будаўнічымі і мантажнымі работамі не займаемся, — кажа Сяргей Бандарэнка. — Гэта ўжо прэрагатыва гарадзкіх службаў. Але з такой зімой, калі стабільна плюсавая тэмпэратура, можна пачынаць устаноўку хоць сёньня. Чакаю сыгналу ад Міністэрства культуры, калі трэба будзе стэлу даставіць на месца».

Устаноўка помніка вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе
Устаноўка помніка вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе

У манумэнтальнай творчасьці ў Беларусі да палітычных фігур і падзей часоў ВКЛ зьвяртаюцца рэдка. Акрамя названых вышэй адрасоў, у Берасьці, Горадні і Пелясе пад Воранавам ёсьць скульптуры ў гонар князя Вітаўта, у 2019 годзе ў Лідзе адкрылі помнік вялікаму князю Гедзіміну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG