У Кітайскім цэнтры прафіляктыкі хваробаў і кантролю за ачагамі іх узьнікненьня пачалі распрацоўку вакцыны супраць каранавірусу новага тыпу.
Пра гэта са спасылкай на крыніцу паведамляюць «Сіньхуа навіны».
У цэнтры вылучылі вірус і ў цяпер ідэнтыфікуюць штам, адзначыў дырэктар Дзяржаўнага інстытуту кантролю і прафіляктыкі вірусных захворваньняў пры цэнтры Сюй Вэньбо. Паводле яго слоў, экспэрты таксама праводзяць скрынінг прэпаратаў, накіраваных на барацьбу з пнэўманіяй, выкліканай каранавірусам новага тыпу.
У Кітаі па стане на раніцу 26 студзеня зафіксавана 1975 выпадкаў заражэньня каранавірусам новага тыпу. Колькасьць загінулых ад пнэўманіі, якую выклікае вірус, дасягнула 56 чалавек. Вірус перадаецца ад чалавека да чалавека. Інкубацыйны пэрыяд доўжыцца ад 2 да 12 сутак. Вірус распаўсюдзіўся ў шэраг краін Азіі, трапіў у Францыю, ЗША і Канаду.