Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дапытваюць былога прэзыдэнта. Украінскі досьвед


Пятро Парашэнка ідзе на допыт у Дзяржаўным бюро расьледаваньняў Украіны. Кіеў 24 студзеня 2020
Пятро Парашэнка ідзе на допыт у Дзяржаўным бюро расьледаваньняў Украіны. Кіеў 24 студзеня 2020

За ўсю гісторыю ўкраінскай незалежнасьці, бадай, толькі адзін былы прэзыдэнт — Леанід Краўчук — не фігураваў у крымінальных справах пасьля сыходу з пасады. Што праўда, і асуджаны толькі адзін — Віктар Януковіч. Але асуджаны завочна, па выніках толькі адной зь пяці заведзеных у свой час крымінальных спраў аб дзяржаўнай здрадзе.

Па колькасьці інкрымінаваных правапарушэньняў лідэр пакуль — Пятро Парашэнка. Сёньня ён прыйшоў на чарговы допыт у Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) — структуру, якую стварылі ў час ягонага прэзыдэнцтва.

Ад лістапада мінулага году ў распрацоўцы ДБР было 13 крымінальных спраў супраць Пятра Парашэнкі. Сёньня могуць завесьці яшчэ адну.

Менскія дамоўленасьці — дзяржаўная здрада?

Тыдзень таму ДБР апублікавала на афіцыйным сайце выклік Пятра Парашэнкі на чарговы допыт 24 студзеня. Гэтым разам — у справе аб падпісаньні ў 2015 годзе менскіх дамоваў. Але, не атрымаўшы афіцыйнай позвы, былы прэзыдэнт вымушаны быў асабіста забіраць гэты дакумэнт у сьледчых.

Адметна, што кожны раз Пятра Парашэнку выклікаюць у якасьці сьведкі. Пакуль што сьледчыя ня выставілі яму ніводнага абгрунтаванага падазрэньня, на падставе якога суд можа абмежаваць магчымасьць вольнага перамяшчэньня былога прэзыдэнта.

Сёньня Парашэнка зьявіўся да сьледчых са сваімі паплечнікамі-дэпутатамі. Яны прыйшлі, каб выказаць свой пратэст у сувязі зь нядаўнім прызначэньнем намесьнікам кіраўніка ДБР Аляксандра Бабікава — адваката завочна асуджанага экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча. Як сьцьвярджалі дэпутаты, яны хацелі перадаць адпаведны зварот сваякоў герояў Нябеснай сотні аб немагчымасьці такога кадравага рашэньня ў сувязі з канфліктам інтарэсаў — справы Майдана яшчэ разглядаюцца ў судах, як і іншыя справы супраць Віктара Януковіча.

У ДБР такую «падтрымку» Пятра Парашэнкі расцанілі як «незаконнае ўмяшаньне службовых асобаў у дзейнасьць» праваахоўнага органа.

Парашэнка: «Перасьлед на заказ»

Мінулай восеньню ў інтэрнэце зьявіліся аўдыёзапісы размоў нібыта тагачаснага кіраўніка бюро расьсьледаваньняў Рамана Трубы ў ягоным кабінэце. З асобных размоў вынікала, што перасьлед экс-прэзыдэнта нібыта ініцыявалі ў Офісе прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Запісы вывучала і Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро, але прыйшло да высновы, што падстаў для завядзеньня крымінальнай справы няма. Праз пэўны час Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб звальненьні Рамана Трубы.

Цяпер абавязкі кіраўніка ДБР выконвае Ірына Венядзіктава, якая абіралася ў парлямэнт паводле сьпісаў партыі «Слуга народу». Яе часова прызначыў Уладзімір Зяленскі.

Пятро Парашэнка лічыць свой перасьлед палітычным, а арганізатарам яго называе Андрэя Партнова, які ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча быў першым намесьнікам кіраўніка ягонай адміністрацыі. Пасьля зьмены ўлады Партноў вярнуўся ва Ўкраіну.

Паводле экс-прэзыдэнта, сёньня ўсе сьледчыя дзеяньні і допыты праводзілі «фігуранты» размоў Рамана Трубы. Апроч таго, Пятро Парашэнка сьцьвярджае, што допыты прызначаюцца наўмысна ў тыя дні, калі ён плянуе міжнародныя паездкі — 21–25 студзеня ён зьбіраўся наведаць форум у Давосе, а 31 студзеня, калі прызначаны наступны допыт, — удзельнічаць у Парлямэнцкай асамблеі NATO.

«Па менскіх дамоўленасьцях Украіна ўсё выконвае. Яны дапамаглі нам спыніць расейскую навалу, за іх невыкананьне ўведзеныя санкцыі супраць Расеі. А ў нас на сёньняшні дзень Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў дзейнічае на баку Расеі. Яны шкодзяць Украіне, падрываюць міжнародны аўтарытэт, менскія дамоўленасьці, яны падрываюць права Ўкраіны на самаабарону», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня пасьля допыту.

Паводле яго, усё гэта мае характар палітычнага перасьледу: «Мы знойдзем спосаб абараніцца ад гэтага шоў».

У справах супраць Парашэнкі — паўтысячы сьведак

Паводле ДБР, у часе дасудовага расьсьледаваньня 13 крымінальных спраў апыталі 562 сьведак, накіравалі 431 запыт, атрымалі 205 дазволаў на доступ да рэчаў і дакумэнтаў, правялі 35 экспэртыз, арыштавалі акцыі і маёмасны комплекс «Кузьня на Рыбальскім», якія раней належалі Пятру Парашэнку.

Апроч таго, праваахоўныя органы накіравалі ў розныя краіны 20 запытаў аб міжнароднай дапамозе. Ці ёсьць сярод гэтых краін Беларусь — невядома. Аднак сьледчыя сьцьвярджаюць, што ў Расею, прынамсі, па дапамогу не зьвярталіся.

У межах 13 крымінальных спраў сьледчыя 20 разоў выклікалі Пятра Парашэнку на допыты, але ён зьявіўся толькі на тры. Сёньня адбыўся чацьвёрты допыт.

* * *

Пятро Парашэнка ўзначаліў краіну па выніках пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў у траўні 2014 году. Яны адбыліся ў сувязі з адхіленьнем Віктара Януковіча ад пасады прэзыдэнта пасьля масавых акцыяў пратэсту, якія трывалі зь лістапада 2013-га да канца лютага 2014 году.

На прэзыдэнцкіх выбарах у 2019 годзе Пятро Парашэнка прайграў у другім туры цяперашняму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG