Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прапанаваў узяць Украіну ў ЭЗ замест Брытаніі


Уладзімір Зяленскі падчас выступу на Сусьветным эканамічным форуме, 22 студзеня 2020

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, дзе назваў задачай сваёй краіны — стаць лідэрам Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

«Якая, на вашую думку, задача ў краіны, якая страціла частку сваёй тэрыторыі і зьяўляецца далёка не самай багатай у Старым Сьвеце? Стаць лідэрам Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Эўропы», — заявіў Зяленскі.

Ён заклікаў удзельнікаў форуму ў Давосе стаць «акцыянэрамі посьпеху новай Украіны». «Украіна — гэта менавіта тое месца, дзе здараюцца цуды. Мая мэта, каб у падручніках побач з кейсамі Сынгапуру і Паўднёвай Карэі зьявілася Ўкраіна», — дадаў украінскі лідэр.

Зяленскі адзначыў, што Ўкраіна бачыць сваю будучыню ў Эўрапейскім зьвязе, і прапанаваў узяць краіну ў склад Зьвязу замест Вялікабрытаніі, якая выходзіць зь яго: «Пытаньне ня ў тым, калі мы будзем у ЭЗ. Пытаньне ў тым, які статус будзе ва Ўкраіны ў ЭЗ. Цяпер вельмі зручны час. Можа калі адна краіна зрабіла exit, настаў час для іншай краіны зрабіць enter?»

Прэзыдэнт Украіны таксама пракамэнтаваў вайну на ўсходзе краіны. Ён прызнаў, што спыніць агонь там пакуль не ўдалося, аднак, як заявіў Зяленскі, ён «бачыць сьвятло наперадзе». «Калі ўсе бакі захочуць спыніць вайну, яна спыніцца заўтра. Украіна абараняе сваю зямлю, але мы ўсе разумеем, што гатовыя спыніць вайну сёньня», — падкрэсьліў Зяленскі.

50-ы Сусьветны эканамічны форум пачаўся напярэдадні. На яго прыехалі каля 3000 удзельнікаў з 117 краінаў, у тым ліку лідэры больш чым 50 дзяржаваў і ўрадаў. Таксама ў Давос прыбылі мільярдэры з 36 краінаў сьвету, у іх ліку Марк Цукербэрг, Джордж Сорас і Біл Гейтс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG