Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША разгледзіць імпічмэнт Трампу. Тлумачым, за што і як гэта будзе адбывацца


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Сёньня, 21 студзеня, Сэнат ЗША ўзнаўляе разгляд справы аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа, якую Палата прадстаўнікоў ЗША перадала сэнатарам на мінулым тыдні.

Тлумачым сьцісла, у чым дэмакраты абвінавачваюць рэспубліканскага прэзыдэнта, і што можа адбыцца бліжэйшым часам.

Абвінавачаньні

Дэмакраты лічаць, што Трамп дапусьціў такія парушэньні сваёй прэзыдэнцкай прысягі, якія несумяшчальныя са знаходжаньнем на пасадзе прэзыдэнта. Паводле дэмакратаў, ён сваімі дзеяньнямі паставіў пад пагрозу бясьпеку і канстытуцыйны лад краіны. Трамп абвінавачваецца імі паводле двух артыкулаў:

  • злоўжываньне паўнамоцтвамі (ён аказваў ціск на ўрад Украіны, каб Кіеў дапамог яму перамагчы на выбарах 2016 году);
  • перашкоды ў расьсьледаваньні Кангрэсу (Трамп адмовіўся перадаць запісы, якія кангрэсмэны прасілі ў яго для справы аб імпічмэнце, ды загадаў чыноўнікам сваёй адміністрацыі не даваць паказаньняў у справе).

Галоўны доказ

У аснове справы аб імпічмэнце знаходзіцца стэнаграма тэлефоннага званка 25 ліпеня 2019, у якім Трамп націскаў на новага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, каб той аказаў дапамогу генэральнаму пракурору ЗША Ўільяму Бару і асабістаму адвакату Трампа Рудзі Джуліяні ў расьсьледаваньні карупцыі ў дачыненьні да былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна, галоўнага прэтэндэнта ад дэмакратаў на кандыдата ў прэзыдэнты ў 2020 годзе.

Сцэнар разгляду

Сэнатары будуць разглядаць імпічмэнт шэсьць дзён на тыдзень, за выняткам нядзелі.

  • 21 студзеня чакаецца галасаваньне сэнатараў адносна правілаў разгляду справы аб імпічмэнце і спрэчкі з дэмакратамі, якія, хутчэй за ўсё, захочуць унесьці ў гэтыя правілы магчымасьць выкліку сьведкаў;
  • пасьля ўхваленьня правілаў адвакаты Трампа могуць запатрабаваць адхіленьня двух артыкулаў абвінавачаньня прэзыдэнта; чакаецца, што Сэнат ня ўхваліць неадкладнага адхіленьня абвінавачаньняў прэзыдэнта ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і ў перашкодзе расьсьледаваньню Кангрэсу;
  • 22 студзеня можа пачацца прэзэнтацыя справы аб імпічмэнце абвінаваўчым бокам, то бок дэмакратамі, а потым пачнецца аспрэчваньне абвінавачаньняў юрыстамі Трампа; у гэтых спрэчках сэнатары не выступаюць, яны будуць выконваюць ролю суду прысяжных;
  • канчатковае рашэньне Сэнату ў справе імпічмэнту можа быць прынятае пад канец студзеня або на пачатку лютага.

Прагноз

Паводле агульнага меркаваньня, Трамп, які адкідае абвінавачаньні ў справе аб імпічмэнце, запачаткаванай выключна галасамі дэмакратаў, будзе апраўданы Сэнатам.

Для адхіленьня прэзыдэнта ад пасады неабходная падтрымка дзьвюх трацін сэнатараў (67 галасоў). Пакуль ніводзін з сэнатараў Рэспубліканскай партыі не падтрымаў гэтую ідэю. Цяпер у Сэнаце 53 рэспубліканцы, 45 дэмакратаў і два незалежныя сэнатары, якія звычайна галасуюць як дэмакраты.

Калі Сэнат падтрымае імпічмэнт і Дональд Трамп будзе адхілены ад пасады, гэта не перашкодзіць яму вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG