Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кіраўніку Інтэрполу прысудзілі ў Кітаі 13,5 года турмы


Мэн Хунвэй

Народны суд гораду Цяньцзіня на поўначы КНР 21 студзеня прысудзіў 13,5 года пазбаўленьня волі экс-кіраўніка Інтэрполу, былому намесьніку міністра грамадзкай бясьпекі Кітая Мэн Хунвэю.

Пра прысуд паведаміла Цэнтральная тэлевізія Кітая. Паводле яго, падсудны ня выказаў жаданьня абскардзіць вэрдыкт і не падаў апэляцыі.

Хунвэй зьнік у канцы верасьня 2018 году, калі паляцеў у КНР і перастаў выходзіць на сувязь. Празь некаторы час улады Кітая пацьвердзілі арышт прэзыдэнта Інтэрполу і абвінавацілі яго ў атрыманьні хабару ў часы, калі ён быў намесьнікам міністра грамадзкай бясьпекі ў Кітаі. Сярод іншых абвінавачаньняў, якія яму выставілі, «палітычная неляяльнасьць».

«Ён сам наклікаў на сябе непрыемнасьці», – было сказана ў заяве кітайскіх уладаў.

Мэн Хунвэй да свайго прызначэньня ў Інтэрпол узначальваў ведамствы барацьбы з тэрарызмам, дзяржаўны наркакантроль, а таксама берагавую ахову. Калі ён узначаліў Інтэрпол, праваабаронцы і антыкарупцыйныя актывісты выступалі супраць: яны заяўлялі, што кітайскія спэцслужбы могуць скарыстацца становішчам Хунвэя для перасьледу ўласных дысыдэнтаў за мяжой.

Інтэрпол пасьля арышту Хунвэя адхіліў яго ад пасады прэзыдэнта арганізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG