Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Баўгарыі апублікавала відэа падазраванага ў атручэньні «Навічком»


Кадр з апублікаванага відэа
Кадр з апублікаванага відэа

На сайце пракуратуры Баўгарыі ў сувязі з расьсьледаваньнем справы аб атручэньні бізнэсоўца Эміліяна Гебрэва апублікавалі відэа, на якім невядомы мужчына ходзіць паміж аўтамабілямі на падземнай стаянцы каля будынка збройнай кампаніі EMCO.

Відэазапіс быў зроблены 28 красавіка 2015 году, калі Гебрэў быў шпіталізаваны, а пазьней тое ж самае адбылося зь ягоным сынам Хрыстам і дырэктарам вытворчасьці на прадпрыемстве Валянцінам Тахчыевым.

«Прааналізаваўшы запісы камэр бяспекі, можна ўбачыць, што чалавек у масцы рухаецца паміж транспартнымі сродкамі кампаніі. У сувязі з гэтым у лябараторыі ФБР была прызначана відэатэхнічная экспэртыза для выяўленьня асобы, магчымай датычнай да злачынства», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Эміліян Гебрэў
Эміліян Гебрэў

У ліютым 2019 году расейскае выданьне The Insider і міжнародная дасьледчая група Bellingcat апублікавалі сумеснае расьсьледаваньне. У ім казалася, што трэці ўдзельнік замаху на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку ў брытанскім Солсбэры, якога СМІ называюць Сяргеем Фядотавым, зьвязаны зь іншым атручэньнем рэчывам «Навічок» увесну 2015 году. Гаворка ішла пра атручэньне баўгарскага прадпрымальніка Эмільяна Гебрэва.

The Insider і Bellingcat высьветлілі, што Фядотаў наведваў Баўгарыю ў тыя дні, калі там быў атручаны Гебрэў. Экспэртыза выявіла, што пры замаху выкарыстоўвалася рэчыва клясу «Навічок».

Як даведаліся сьледчыя, Фядотаў атрымаў сваё агентурнае імя ў 2010 годзе. У той жа самы час свае імёны атрымалі падазраваныя Вялікай Брытаніяй у замаху на Скрыпаля Аляксандар Пятроў і Руслан Башыраў. Сьледчыя паведамляюць, што Фядотаў актыўна падарожнічаў па Эўропе і Сярэдняй Азіі.

Раней расейскія СМІ адзначалі, што Фядотаў адначасова зь Пятровым і Башыравым лятаў у Прагу ў 2014 годзе, а таксама ў Вялікую Брытанію тады, калі атруцілі Скрыпаля.

Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія ў сакавіку 2018 гадоў у Солсбэры былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Яны выжылі пасьля замаху. З тых часоў Сяргей Скрыпаль не зьяўляўся на публіцы, а Юлія толькі запісала відэазварот. Месца іхнага знаходжаньня невядомае.

Брытанскія ўлады абвінавачваюць у замаху Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Узброеных сіл РФ (вядомае як ГРУ) і лічаць, што загад быў аддадзены палітычным кіраўніцтвам Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG