Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уключаць рэгіёны Беларусі ў склад Расеі на падставе Канстытуцыі прапанаваў сябра камісіі па зьменах у Канстытуцыю РФ


Ілюстрацыйнае фота

Адзін зь сябраў камісіі па зьмене Канстытуцыі РФ, лідэр арганізацыі «Украінцы Расеі» Багдан Бязпалька прапанаваў уключыць у яе «права на ірэдэнту — ўзьяднаньне усяго Рускага міру». Пра гэта ён распавёў расейскаму прапагандысцкаму рэсурсу Украина.ру.

«Мне б вельмі хацелася, каб права на ірэдэнту — узьяднаньне усяго Рускага міру — было замацавана ня проста ў заканадаўстве, але і ў Канстытуцыі Расеі», — падзяліўся сваім бачаньнем зьменаў Канстытуцыі Расеі Багдан Бязпалька.

Ён лічыць, што гэта дало б права Расеі ўключаць у свой склад украінскія і беларускія рэгіёны.

«Тады б любы рэгіён ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі меў бы магчымасьць далучэньня да Расеі на падставе гэтага палажэньня Канстытуцыі, а ня толькі палажэньня аб праве нацый на самавызначэньне», — заявіў Бязпалька.

Таксама ён выказаў спадзяваньне, што ў расейскай канстытуцыі зьявяцца нормы, якія спросьцяць атрыманьне расейскага грамадзянства для ўкраінцаў і беларусаў.

Багдан Бязпалька зьяўляецца старшынём праўленьня Агульнарасейскай грамадзкай арганізацыі «Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Украінцы Расеі». Разам зь Бязпалькам у рабочую групу па падрыхтоўцы прапановаў аб унясеньні паправак у Канстытуцыю Расеі таксама ўключаны старшыня грамадзкай арганізацыі «Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расеі» Сяргей Кандыбовіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG