Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША перадала ў Сэнат справу аб імпічмэнце Трампа


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за тое, каб перадаць у Сэнат справу аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа.​ 228 галасоў было «за» і 193 — «супраць». Ніводзін кангрэсмэн ад Рэспубліканскай партыі не падтрымаў імпічмэнту.

Раней сёньня кангрэсмэны ад Дэмакратычнай партыі апублікавалі новыя доказы па справе аб імпічмэнце. Сярод апублікаваных матэрыялаў — перапіска асабістага адваката прэзыдэнта ЗША Рудзі Джуліяні і ягонага памочніка, бізнэсоўца Льва Парнаса, які нарадзіўся ва Ўкраіне, з высокапастаўленымі ўкраінскімі чыноўнікамі.

Паводле дадзеных дэмакратаў, Джуліяні дамагаўся сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, каб абмеркаваць расьсьледаванне супраць палітычнага апанэнта Дональда Трампа — былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і ягонага сына Гантээра.

Пры гэтым Джуліяні даў зразумець, што дзейнічае ў асабістых інтарэсах Трампа і зь ягонага дазволу. Прэзыдэнт ЗША раней заяўляў, што дамагаўся расьсьледаваньня супраць сям’і Байдэна ў інтарэсах краіны і з мэтай барацьбы з карупцыяй.

Дэмакраты таксама апублікавалі перапіску Льва Парнаса з былым генэральным пракурорам Украіны Юрыем Луцэнкам. Той наўзамен на дапамогу са справай Байдэна патрабаваў звольніць тагачасную амбасадарку ЗША ва Ўкраіне Мары Яванавіч. Парнас таксама вёў перапіску з кіраўніком МУС Украіны Арсэнам Авакавым, цяперашнім кіраўніком Службы бясьпекі краіны Іванам Баканавым і першым памочнікам прэзыдэнта Ўкраіны Сяргеем Шэфірам.

Сёньня ж сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі назвала 7 кангрэсмэнаў, якія будуць выступаць ў ролі абвінаваўцаў падчас працэдуры імпічмэнту ў Сэнаце.

Расьсьледаваньне аб імпічмэнце Дональда Трампа ініцыявалі прадстаўнкі Дэмакратычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў пасьля сыгналу ананімнага інфарматара са спэцслужбаў аб тым, што прэзыдэнт цісьне на Украіну, каб нашкодзіць Байдэнам. У сьнежні Палата прадстаўнікоў прагаласавала за імпічмэнт. Цяпер пытаньне пра адхіленьне Трампа ад улады павінен разгледзець Сэнат ЗША. Там большасьць у рэспубліканцаў — прыхільнікаў цяперашняга прэзыдэнта. Таму Дональд Трамп, верагодна, захавае сваю пасаду.

Публікацыя новых доказаў па справе аб імпічмэнце закліканая ўзмацніць ціск на рэспубліканцаў, каб яны запрасілі на слуханьні ў Сэнаце сьведак. Дональд Трамп ўсе абвінавачваньні ў ціску на Ўкраіну адмаўляе і называе іх «паляваньнем на ведзьмаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG