Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаран «Лебядзіны» больш не супрацоўнічае зь піяр-мэнэджаркай, якая разьмясьціла ў Instagram цынічны пост


Аляксандар Лукашэнка на закрытай імпрэзе ў рэстарацыі «Лебядзіны». Кард зь відэа @margarita.levchuk.official via Instagram
Аляксандар Лукашэнка на закрытай імпрэзе ў рэстарацыі «Лебядзіны». Кард зь відэа @margarita.levchuk.official via Instagram

У адміністрацыі рэстарана «Лебядзіны» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што PR-дырэктарка Вікторыя Мароз там не працуе.

Вікторыя Мароз апублікавала гісторыю ў Instagram з фота дзюбы качкі, у якой ляжыць тартар з сырога мяса, з подпісам: «Хто там наконт птушак бедаваў, а? Заўтра афіцыйна адкрываемся. Усіх чакаем, любыя ненавісьнікі. Пакажы свой злосны камэнтар у СМІ і атрымай фірмовую страву ў падарунак». Гэты пост выклікаў хвалю абурэньня ў сацыяльных сетках і СМІ. Пазьней Вікторыя Мароз закрыла сваю старонку ў Instagram.

Намесьніца генэральнага дырэктара «Лебядзінага» Ганна Андрэеўна сказала, што стравы зь дзюбай качкі няма ў яе рэстаране.

«Страва ня наша, а Вікторыя Мароз у кампаніі больш не працуе», — сказала яна. Паводле прадстаўніцы адміністрацыі, старонка ў Instagram, на якой быў разьмешчаны пост, належыць асабіста Вікторыі.

«Гэта ніяк не зьвязана з нашым рэстаранам, гэта ня наша старонка ў Instagram. У нас там ёсьць свая старонка. То бок гэта было жаданьне аднаго з блогераў, мэдыяасобы. Вікторыя Мароз у кампаніі не працуе», — сказала намесьніца гендырэктара.

Ці азначае гэта, што Вікторыю Мароз звольнілі?

«Мы зь ёй больш не супрацоўнічаем. Ёй была выканана канкрэтная праца, за якую мы разьлічыліся. Мы зь ёй супрацоўнічалі, але яна не была ў нас у штаце. Цяпер гэтага чалавека ў нас у камандзе няма. Таму дзіўна, што гэта неяк тычыцца нашага рэстарана».

На пытаньне, як спадарыня Ганна асабіста ставіцца да такога піяру рэстарану «Лебядзіны», які зрабіла Вікторыя, яна адказала, што ня можа камэнтаваць, бо гэта «ня тычыцца ні рэстарана, ні гасьцей, ні супрацоўнікаў рэстарана».

«Ніякіх адносін да гэтага паста ў нас няма. Гэта жаданьне звычайнага блогера неяк, магчыма, прапіярыць сваю старонку. Ня ведаю, якія мэты мела Вікторыя Мароз. Такіх задач перад ёй ня ставілася. У нас зь ёй спынілася супрацоўніцтва да таго моманту, як зьявіўся гэты пост», — сказала дырэктарка.

Прадстаўніца рэстарану «Лебядзіны» паведаміла, што адміністрацыя ніяк не садзейнічала таму, каб Вікторыя закрыла свой акаўнт. Але яна думае, што гэта было зроблена «з прычыны нэгатыўнай хвалі на старонцы».

Раней у камэнтары для TUT. BY Вікторыя Мароз казала, што пасьля будаўніцтва рэстарану птушкам стала толькі лепш.

21 сьнежня 2019 году ў рэстарацыі «Лебядзіны» ў Менску прайшла вечарына, на якой прысутнічаў кіраўнік дзяржавы (ён і дазволіў будаўніцтва гэтай установы ў заказьніку).

За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі з агульных 51,5 га.

У лістападзе на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў заказьнік, здалі ў эксплюатацыю рэстаран «Лебядзіны», што збудавала кампанія «Тапас».

Будаўніцтва рэстарацыі прызнавалі незаконным, але пракуратура Менску ня ўбачыла падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня на парушэньне закону.

Летась забудоўніка аштрафавалі за работы без дазволу, але ўказам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG