Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У авіякатастрофе ў Шарамецьцеве, у якой загінуў 41 чалавек, абвінавацілі пілёта


Сьледзтва прыйшло да адназначнай высновы, што ў крушэньні самалёта Sukhoi Superjet авіякампаніі «Аэрафлот» у аэрапорце Шарамецьцева вінаваты камандзір экіпажу Дзяніс Еўдакімаў, працягу расьсьледаваньня аб дзеяньнях наземных службаў ня будзе, заявіў намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Расеі Ігар Красноў у інтэрвію «Коммерсанту».

«Працягу [расьсьледаваньня] ня будзе. У нас ёсьць заключэньне экспэртаў аб дакладнай прычыне, чаму адбылася гэтая трагедыя. Мы вывучылі довады авіякампаніі і самога пілёта і можам сказаць, што самалёт тут сапраўды ні пры чым, паколькі падобныя пасадкі ў прынцыпе не прадугледжаныя ня толькі для SSJ, але і, напрыклад, для Boeing і Airbus і іншых самалётаў», — сказаў ён.

Паводле Краснова, грубая пасадка на паласу была праведзеная зь перавышэньнем хуткасьці і вэртыкальнай перагрузкай. SSJ тройчы падскокваў ад узьлётна-пасадачнай паласы, пакуль не падламаліся асноўныя апоры шасі, што пацягнула разбурэньне канструкцыі самалёта з разьлівам і ўзгараньнем паліва.

Пілёту Еўдакімаву прад’явілі абвінавачаньне ў парушэньні правілаў эксплюатацыі паветранага транспарту. Еўдакімаў сваёй віны не прызнае, ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Катастрофа з самалётам SSJ100, які накіроўваўся з Масквы ў Мурманск, адбылася 5 траўня 2019 году. Праз 27 хвілін пасьля ўзьлёту ад тэхнічных непаладак ляйнэр вярнуўся ў Шарамецьцева. Зьдзейсьніўшы цьвёрдую пасадку, самалёт загарэўся. На борце знаходзіліся 78 чалавек. Загінуў 41 чалавек, у тым ліку дзеці. Паводле СК, большасьць людзей загінулі з-за агню і атручваньня прадуктамі гарэньня, а не ад удару самалёта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG