Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Абхазіі адмовіўся сыходзіць у адстаўку, апазыцыя захапіла зброю


Захоп адміністрацыі прэзыдэнта Абхазіі ў Сухумі

Прэзыдэнт самаабвешчанай Абхазіі адмовіўся сыходзіць у адстаўку. Рауль Хаджымба сказаў, што выконвае абавязкі, дадзеныя яму Канстытуцыяй. Раней ён апублікаваў заяву, у якой заклікаў людзей не паддавацца на правакацыі, а ў выпадку неабходнасьці абяцаў ўвесьці рэжым надзвычайнага становішча. Сілавыя структуры ўжо пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы.

Напярэдадні ў Абхазіі пачаліся масавыя пратэсты з патрабаваньнем новых выбараў. Парлямэнт прыняў пастанову з заклікам да прэзыдэнта Хаджымбы у адстаўку.

Сакратар Рады бясьпекі Абхазіі Мухамэд Кілба паведаміў, што апазыцыянеры захапілі будынак адміністрацыі прэзыдэнта Абхазіі, знайшлі зброевыя пакоі дзяржаўнай службы аховы і завалодалі зброяй.

Ён таксама дадаў, што ўладамі «будуць прыкладзены ўсе магчымыя намаганьні для таго, каб тыя, хто захапіў адміністрацыю прэзыдэнта, пакінулі будынак».

9 студзеня ў Абхазіі пачаліся масавыя пратэсты з патрабаваньнем новых выбараў. Некалькі сотняў мітынгоўцаў сабраліся ў цэнтры Сухумі, выламалі дзьверы будынку адміністрацыі прэзыдэнта і ўзялі ўстанову штурмам.

Яны запатрабавалі адмены вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў верасьні. На іх, паводле афіцыйных вынікаў, зь перавагай паўтара працэнтных пункты перамог дзейны прэзыдэнт Абхазіі. Ягоны супернік, апазіцыянэр Алхас Квіцінія, заявіў, што не прызнае перамогу Хаджымбы і будзе аспрэчваць вынікі падліку галасоў. Суд пазоў адхіліў. 9 студзеня гэтае рашэньне павінна было аспрэчвацца ў Вярхоўным судзе Абхазіі, але пасяджэньне перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Яшчэ адзін арганізатар пратэстаў Ахра Авідзба заявіў, што акцыя 9 студзеня ў Сухумі была зьвязана з тым, што супрацоўнік аховы Хаджымбы быў адным з трох затрыманых па падазрэньні ў гучным забойстве, якое адбылося ў лістападзе 2019 году. Тады невядомыя ў масках адкрылі стральбу па наведніках рэстарану «Сан-Рэма», у выніку чаго былі забітыя два крымінальныя аўтарытэты — Алхас Авідзба і Астамур Шамба, а таксама атрымала раненьні афіцыянтка Дамініка Акіртава, якая пазьней памерла ў бальніцы. Пасьля забойства сваіх пасадаў пазбавіліся кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Абхазіі Гары Аршбы і генэральны пракурор Зураб Ачба. У сьнежні ў Абхазіі ўжо праходзілі пратэсты, удзельнікі якіх абвінавачвалі Аршбы ў датычнасьці да расстрэлу.

Абхазія, сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яе незалежнасьць. Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны і анэксіі яе тэрыторыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG