Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жахлівыя пажары ў Аўстраліі. Што фэйк, а што праўда


Пажары ў Аўстраліі, якія працягваюцца ўжо некалькі месяцаў, ускалыхнулі ўвесь сьвет. Людзі ахвяруюць сотні мільёнаў даляраў на змаганьне зь бедзтвам. Але далёка ня ўся інфармацыя, якая датычыць пажараў у Аўстраліі, адпавядае фактам.

У сувязі з пажарамі Свабода сабрала некаторыя фэйкі, якія сталі віруснымі ў сацыяльных сетках.

Непраўдзівыя мапы

Некаторыя мапы пажараў крытыкуюць за тое, што яны ўводзяць людзей у зман наконт месца і памераў пажараў. У сацыяльных сетках можна сустрэць дзясяткі мапаў, на якіх пажар паказаны ледзь не на ўсёй тэрыторыі краіны.

Фэйкам зьяўляецца таксама графіка зь месцамі пажараў з сайту MyFireWatch, які выкарыстоўвае спадарожнікавыя дадзеныя для картаграфічных крыніц цяпла. Аднак гэтыя дадзеныя ўключаюць "любую крыніцу цяпла, цяплейшага за атачэньне". Такім чынам, гэта могуць быць і печы НПЗ, альбо вялікія сьвятлоадбівальныя дахі.

Мапа, якую выкарыстаў тэлеканал ABC у ЗША, паказвае, што ў агні цэлае усходняе ўзьбярэжжа Аўстраліі, а праз цэнтар краіны нібыта праходзіць лінія пажараў.

Пазьней амэрыканская тэлекампанія выправіла мапу, якая паказвае маштаб масавых лясных пажараў, бяз полымя ў цэнтральнай і паўночнай частцы Аўстраліі.

Непраўдзівыя фотаздымкі

Больш чым непраўдзівых мапаў у сеціве — фотаздымкаў, якія выдаюць за доказы таго, што адбываецца ў Аўстраліі. Адной з самых папулярных выяваў стаў здымак дзяўчынкі, якая трымае на руках каалу.​

Насамрэч гэта графічная апрацоўка фатографкі і візуальнай мастачкі Thu (Thousandfold Photography). Аўтарка распавяла СМІ, што гэта карцінка, зробленая ў фоташопе, і што яна не чакала такой папулярнасьці. Разам з тым мастачка радая, што яе твор спрыяе «павышэньню сьвядомасьці наконт таго, што адбываецца ў Аўстраліі».

Яшчэ большую папулярнасьць набыла выява Энтані Гірсі. Насуперак ідэі аўтара, шырока распаўсюдзілася яе памылковая інтэрпрэтацыя.

«Гэта 3D візуалізацыя пажараў у Аўстраліі. Гэта не фотаздымак. Лічыце гэта проста прыгожай графікай», — напісаў ён на Фэйсбуку і патлумачыў, што маштаб трошкі перабольшаны ў сувязі з эфэктам бляску, але графіка «агулам адпавядае інфармацыі, якая паходзіць з NASA».

Такіх пажараў у Аўстраліі ніколі не было. Гэта Апакаліпсіс

Падобнае ў Аўстраліі здаралася і ў XIX стагодзьдзі. У лясных пажарах у штаце Вікторыя ў 1851 годзе загінула 12 чалавек, пажары зьнішчылі пяць мільёнаў гектараў.

У 1898 годзе ад пажараў загінула ізноў 12 чалавек, было зьнішчана каля 2 тысячаў будынкаў. Чарговыя пажары паміж лютым і сакавіком 1926 году забілі 60 чалавек.

У «Чорную пятніцу» ў 1939 годзе ад пажараў, якія працягваліся два месяцы, загінуў 71 чалавек. Тады згарэла 2 мільёны гектараў, 3 700 будынкаў, зь якіх 1300 — жылыя дамы. Тэмпэратура напярэдадні пажараў у 1939 годзе дасягала 45 градусаў Цэльсія.

Мапа пажараў у 1939 годзе
Мапа пажараў у 1939 годзе

Гэта ўсё наступства наўмысных падпалаў

Такую вэрсію прычыны пажараў пашыраюць людзі, якія адмаўляюць зьмену клімату на зямлі.

У сацыяльных сетках пашыраецца нібыта навіна, што 183 чалавекі ў Аўстраліі былі арыштаваныя за падпал падчас пажараў. Такую інфармацыю распаўсюдзіў у сваім акаўнце і сын прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп-малодшы. Гэтая інфармацыя, імаверна, зьвязаная з паведамленьнем паліцыі штату Новы Паўднёвы Ўэльс пра тое, што адносна 183 асобаў былі ўжытыя захады за «злачынствы, зьвязаныя зь лясным пажарам».

Але толькі 24 зь іх былі абвінавачаныя ў наўмысным распальваньні вогнішчаў. Адзін зь іх, напрыклад, хацеў спаліць незаконную гадоўлю канаплі.

Сарака сямі выставілі абвінавачаньне ў выкіданьні цыгарэты або запалкі, а 53 — у невыкананьні поўнай забароны на агонь.

Навуковец з Унівэрсытэту ў Кўінслэндзе доктар Тымаці Грэхэм прааналізаваў 315 акаўнтаў, якія распаўсюджвалі інфармацыю пра наўмысныя падпалы з хэштэгам #ArsonEmergency. Выявілася, што траціна зь іх — боты.

Нічога сур’ёзнага там не адбываецца. Гэта алярмісты ўсчалі мітусьню

Гэтыя два сказы — нярэдкая рэакцыя на фэйкі на тэму пажараў. Яны сьведчаць пра іншую крайнасьць.

Паводле найноўшых дадзеных, пажары ўжо зьнішчылі больш за 10 мільёнаў гектараў — гэта паверхня прыблізна роўная плошчы Паўднёвай Карэі.

Калі ўзяць пад увагу толькі паверхню, то лясныя пажары ў Аўстраліі значна большыя за тыя, якія летась былі ў ЗША, Інданэзіі і Бразыліі.

Агонь спустошыў амаль восем мільёнаў гектараў лясоў, вядомых ва ўсім сьвеце сваёй унікальнай флёрай і фаўнай.

Апошнімі днямі пажар ахапіў востраў Кенгуру і зьнішчыў нацыянальны парк Фліндэрс Чэйз, дзе пражывала вялікая папуляцыя зьнікаючых сысуноў, а таксама рэдкія сумчатыя віды, птушкі і лігурыйскія пчолы.

Паводле дадзеных прафэсара факультэта прыродазнаўчых навук Сыднэйскага ўнівэрсытэту Крыса Дыкмана, які кіраваў дасьледаваньнямі пажараў, толькі ў штаце Новы Паўднёвы Ўэльс пацярпелі 800 мільёнаў прадстаўнікоў дзікай прыроды.

Аднак пра канкрэтныя лічбы можна будзе ўпэўнена казаць толькі пасьля завяршэньня аўстралійскага лета, паколькі ўжо цяпер відавочна, што наступствы для флёры і фаўны будуць адчувальныя і пасьля таго, як пажары патушаць.

Прычынай апошніх пажараў зьяўляюцца працяглая засуха, рэкордная тэмпэратура (у сьнежні сярэдняя тэмпэратура на кантынэнце перавысіла 41 градус Цэльсія) і моцны вецер.

Пажарны сэзон у Аўстраліі пачаўся сёлета раней, чым звычайна, пасьля трохгадовай засухі, якая павысіла ўспрымальнасьць лесу да агню.

Маштаб і інтэнсіўнасьць пажараў узмацнілі дыскусію аб зьмяненьні клімату. Хоць шэраг фактараў уплывае на такія зьявы, як пажары, навукоўцы адзначаюць, што дыскусія пра глябальнае пацяпленьне ў кантэксьце Аўстраліі цалкам апраўданая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG