Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт ня будзе аднаўляць справу зьніклага журналіста Завадзкага


Пікет у памяць пра зьніклых 20 год таму палітыкаў і апэратара Зьмітра Завадзкага

Сьледчы камітэт Беларусі адказаў жонцы выкрадзенага дваццаць год таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, перадае Deutsche Welle. Сьледчыя ня бачаць падставаў для допыту новых сьведак. Сьвятлана Завадзкая назвала адказ цынічнай адпіскай.

Сьятлана Завадзкая, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, атрымала ў панядзелак, 6 студзеня, адказ са Сьледчага камітэта Беларусі на сваю заяву з просьбай дапытаць у якасьці сьведак асоб, прозьвішчы якіх паказаў у інтэрвію DW экс-баец беларускага САХРу Юры Гараўскі. Аднак СК ў лісьце, адрасаваным Завадзкай, паведаміў, што падставаў аднаўленьня прыпыненага папярэдняга расьсьледаваньня няма.

«Асобы, якія ажыцьцявілі выкраданьне Вашага мужа, устаноўленыя і асуджаныя за паказаны злачынства прысудам Меінскага абласнога суду ад 2002/03/14, – напісана ў рашэньні СК. – Меркаваньне Гараўскага аб выкраданьні Д.Завадзкага іншымі асобамі, выказанае ім у інтэрвію радыёстанцыі »Нямецкая хваля «, не зьяўляецца падставай для аднаўленьня прыпыненага папярэдняга расьсьледаваньня».

Сьвятлана Завадзкая такі адказ Сьледчага камітэту найбольш цынічным за ўсе гады перапіскі з СК і пракуратурай. Яна патлумачыла, што асуджаным за злачынства супраць яе мужа паставілі ў віну толькі ягонае выкраданьне, аднак далейшы лёс яе мужа так і ня высьветлены.

«Тады, у 2002 годзе, усё спынілася на тым, што выкрадальнікі перадалі Дзіму нейкім неўстаноўленым асобам, справа аб гэтым была выдзелена ў асобнае справаводзтва, і я прасіла СК дапытаць тых, каго назваў Гараўскі, каб высьветліць, што гэта за неўпаўнаважаныя асобы. Але мне далі адказ па іншай – ужо закрытай справе аб выкраданьні », – падкрэсьліла Сьвятлана Завадзкая. Яна мае намер абскардзіць адказ СК у вышэйстаячых інстанцыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG