Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею расхваліў Калядны турнір Лукашэнкі 


Масоўка менскага каляднага турніру
Масоўка менскага каляднага турніру

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль ня выключыў, што менскі калядны турнір аматараў хакея на прыз прэзыдэнта Беларусі можа праходзіць пад эгідай арганізацыі. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» .

Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль неаднаразова прызнаваліся ў сяброўскіх адносінах. Швайцарскі хакейны функцыянэр часты госьць у Менску і зьяўляецца ў пэўным сэнсе «адвакатам» беларускага рэжыму, абараняючы яго ад пагрозаў міжнародных санкцый за парушэньні ў галіне правоў чалавека.

Сам турнір вядомы перадусім тым, што на гульні састарэлых вэтэранаў масава заганяюць школьнікаў, студэнтаў, бюджэтнікаў, а за каманду Лукашэнкі разам з былымі гуляюць і дзейныя хакеісты, што забаронена рэглямэнтам.

Нягледзячы на гэта, Фазэль заявіў, што турнір «пасьпеў зарэкамендаваць сябе і з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным», варта надаць яму статус афіцыйнага і праводзіць пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакея. Тым больш сёлета ў Менску дэбютавала каманда IIHF.

Капітан прэзыдэнцкай зборнай Аляксандар Лукашэнка
Капітан прэзыдэнцкай зборнай Аляксандар Лукашэнка

«Тут сабраліся хакеісты, якія прадстаўляюць больш за 20 краін. Гэта своеасаблівае яднаньне — вялікая сям’я вярнулася на лёд. Я ўдзячны прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за ідэю правядзеньня такіх спаборніцтваў і, што больш важна, за яе пасьпяховую рэалізацыю на працягу вось ужо 16 гадоў», — падкрэсьліў Рэнэ Фазэль.

Гэтаксама ён выказаў упэўненасьць, што чэмпіянат сьвету па хакеі, які ў 2021 годзе супольна прымуць Менск і Рыга, пройдзе на самым высокім узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG