Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя выявіла асобу жанчыны, чые парэшткі знайшлі ў Сьвіслачы


У Менску торбу з парэшткамі канцавінаў чалавека дасталі з ракі Сьвіслачы

Сёньня апоўдні падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі высьветлілі асобу жанчыны, парэшткі якой былі знойдзеныя 2 студзеня 2020 году у рацэ Сьвіслач. Цела загінулай выяўлена. Пра гэта паведаміла прэсавая служба МУС у сваім тэлеграм-канале.

У кватэры аднаго з дамоў, разьмешчаных на вул. Раманаўская Слабада, супрацоўнікі органаў унутраных справаў знайшлі цела 37-гадовай жанчыны, парэшткі якой раней былі знойдзеныя ў рацэ Сьвіслач, удакладняе ў сваім тэлеграм-канале Сьледчы камітэт Беларусі.

Цяпер на месцы здарэньня працуе сьледчая група цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту з прыцягненьнем магчымасьцяў перасоўнай крыміналістычнай лябараторыі ведамства. Праводзіцца агляд, фіксуецца сьледавая карціна супольна з экспэртамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў. Выяўляюцца абставіны здарэньня.

Аператыўныя супрацоўнікі МУС працягваюць правядзеньне апэратыўна-вышуковых захадаў, накіраваных на выяўленьне асобы, якая ўчынiла злачынства. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.

Міністэрства падзякавала СМІ і неабыякавым грамадзянам, якія адгукнуліся на просьбу, раней апублікаваную ў міліцэйскім тэлеграм-канале, за аказаную дапамогу.

2 студзеня ў менскую міліцыю зьвярнуліся супрацоўнікі камунальнай службы, якія праводзілі ачышчальныя работы ў Сьвіслачы. Яны сказалі, што дасталі з ракі спартовую сумку з парэшткамі канцавінаў чалавека.

Сьледчы камітэт па факце выяўленьня парэштак чалавечага цела распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства).

3 студзеня стала вядома, што ператрусы двойчы прайшлі ў кватэры юрыста і праваабаронцы Алега Воўчака — яго брат знаёмы з адной са зьніклых у Менску дзяўчат.

4 студзеня прэс-служба МУС апісала сумку, у якой былі знойдзеныя парэшткі, і паведаміла, што праваахоўнікі шукаюць відавочцаў, «якія маглі зьвярнуць увагу» на чалавека зь ёй. Акрамя таго, у міліцыю прасілі зьвярнуцца грамадзянаў, якім вядома пра факты невядомага знікненьня жанчын, а таксама калі «іх сваячка, знаёмая або калега беспадстаўна перастала выходзіць на сувязь або ня выйшла на працу», калі ім вядома аб месцах продажу такіх сумак або уладальніках такіх сумак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG