Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За два гады стаў філёзафам». Хворы на рак журналіст пра справу Шарамета і «паразу Ўкраіны»


Леанід Канфер

«Да гэтай хваробы нічога пра жыцьцё ня ведаў» — лічыць ураджэнец Менску, журналіст Леанід Канфер, які чатыры гады жыве і працуе ва Ўкраіне. У студзені 2018 году яму паставілі дыягназ — пухліна галаўнога мозгу.

Пасьля апэрацыі ў Ізраілі Леаніду давялося перажаць здраду, сыход жонкі з дачкой, страту працы і жытла. Адначасна анкалягічны дыягназ прымусіў журналіста пераасэнсаваць многія рэчы і паставіць новыя задачы, сярод якіх дакумэнтальны фільм #НАТРИБУКВЫ і дакумэнтальны сэрыял пра ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны. Неўзабаве Леанід Канфер едзе ў Ізраіль прайсьці чарговы курс лячэньня. Гутарым зь ім пра змаганьне з ракам, расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета, а мэдыйную сытуацыю на постсавецкай прасторы.

Сьцісла

  • Калі даведваюцца пра хваробу, пачынаюць тэлефанаваць, падтрымліваць. Праходзіць час, ты не памёр, нібыта ўсё ў парадку, а хвароба нікуды не адступіла.
  • Калі пішаш пра сябе публічна і шчыра, у гэтым ёсьць элемэнт шкадаваньня сябе. Мне гэта цяпер зусім ня трэба. Трэба проста жыць.
  • За любым забойствам заўсёды стаіць канкрэтны матыў канкрэтнага чалавека. Забойства Шарамета не прывяло ні да якой дэстабілізацыі. Гэта чыста крымінальная гісторыя.
  • Ва Ўкраіне няма аніводнага СМІ, якое рэальна б займалася адстойваньнем пазыцыі Ўкраіны ў інфармацыйнай вайне.

Пра хваробу і лячэньне

Летась у красавіку быў заплянаваны курс апраменьваньня. Дактары сказалі, што пухліна расьце дастаткова павольна, і таму мне дазволілі адтэрмінаваць лячэньне. Гэта было зьвязана з маёй працай, зь вялікім праектам, які я я рабіў. Праект скончыўся, а нічога новага не адбылося, і я ліхаманкава шукаў працу. У выніку ў студзені я прыступаю да апраменьваньня ў Ізраілі. Сябры дапамаглі мне назьбіраць грошы на лячэньне. Зона мозгу, якую трэба апраменьваць, адказвае за маторыку цела, таму любы промах можа прывесьці да вельмі сур’ёзных наступстваў. Ад спорту пакуль давялося адмовіцца. Сіл не хапае. Самае дрэннае, што гэтая хвароба забірае энэргію. Пакуль рэзкага пагаршэньня няма. Павялічылі дозу лекаў удвая. На леках і трымаюся.


Пра падтрымку і вакуўм у адносінах

У мяне было даволі жорсткае расставаньне з былой жонкай, былі спробы маніпуляцыі зь яе боку, таму я максымальна абмяжоўваю нашы кантакты. Гэта адбіваецца, на жаль, і на стасунках з дачкой, якой нядаўна споўнілася 6 гадоў. Зусім нядаўна ў мяне зьявіўся вельмі блізкі чалавек. Гэта вялікая ўдача ў такі час. Блізкіх сяброў у мяне няшмат.

Так з усімі адбываецца, ня толькі са мной: калі тваё блізкае кола даведваецца пра хваробу, пачынаюць тэлефанаваць, падтрымліваць, а потым праходзіць час — і ўсе лічаць, што нібыта ўсё ў парадку: ты не памёр — значыць, усё добра. Насамрэч хвароба нікуды не адступіла. У нейкі момант узьнікае вакуўм у адносінах. Людзі не тэлефануюць, не цікавяцца. Іх нельга за гэта вінаваціць. Гэта звычайная псыхалягічная ўласьцівасьць любога чалавека. Ня будуць жа званіць штодня. Апошнім часам я не пішу пра сваю хваробу. Спачатку я вывеў яе ў публічную плоскасьць, многія людзі зрэагавалі як на матыватар на маю пазыцыю, што ня здаўся, пачаў ставіць нейкія мэты, радавацца жыцьцю.

Я зразумеў, што калі пішаш пра сябе публічна, шчыра, у гэтым ёсьць нейкі элемэнт шкадаваньня сябе. А мне гэта цяпер зусім ня трэба. Трэба проста жыць. Я за гэтыя два гады стаў філёзафам, адкрыў для сябе столькі ісьцін. Перакананы, што да гэтай хваробы нічога пра жыцьцё ня ведаў. А цяпер я штодня нейкую выснову раблю для сябе.

Пра расьсьледаваньне справы Паўла Шарамета

Ня веру ў афіцыйны пункт гледжаньня. Гэта поўная лухта наконт дэстабілізацыі становішча. Прайшло тры гады, і гара нарадзіла мыш. Мне здаецца, што гэта нейкая шырма, каб «адмазаць» тых, хто сапраўды вінаваты. Самае крыўднае, што пад гэтым стаіць яшчэ і імя прэзыдэнта, які ўзяў бок абвінавачваньня. За любым забойствам заўсёды стаіць нешта канкрэтнае, канкрэтны матыў канкрэтнага чалавека. Забойства Шарамета не прывяло ні да якой дэстабілізацыі. Гэта чыста крымінальная гісторыя. Паша, падобна, валодаў нейкай інфармацыяй. Лёгка пераводзіць стрэлкі, маўляў, вінаватая Расея ці Беларусь, паколькі Паша працаваў і там, і там. Я ўпэўнены, што людзі ва ўладзе ведаюць імя замоўніка і, нягледзячы на зьмену ўлады, гэтага чалавека ўсяляк «адмазваюць».

Мы не былі блізкімі сябрамі з Пашам. Бачыліся за месяц да забойства. Беларускія журналісты, якія ў розны час пераехалі ва Ўкраіну, сустракаліся. Мы пачыналі ў адзін час — ён быў уласным карэспандэнтам першага каналу ОРТ у Беларусі, а я стрынгерам НТВ. У фільме НАТРИБУКВЫ, які я ўсё яшчэ здымаю, ёсьць эпізод, калі я прыходжу да Пашы на магілу...

Пра журналістыку, якая «памерла ва Ўкраіне»

Леанід Канфер
Леанід Канфер

Журналістыка памерла ня толькі ва Ўкраіне. За рэдкім выключэньнем яна памерла на ўсёй постсавецкай прасторы. Я прыехаў ва Ўкраіну чатыры гады таму ў ружовых акулярах. Зь несвабоднай Расеі мне здавалася, што гэта краіна, дзе так багата свабоды. Сытуацыя аказалася зусім іншай. Ёсьць нейкія сэгмэнты свабоды ў залежнасьці ад уладальніка мэдыяактыву. Калі ён у апазыцыі да ўлады, то тэлеканал асьвятляе нейкія крытычныя моманты працы, калі не, то ўсё наадварот.
Ёсьць алігархічная група, якая спрабуе ні з кім не сварыцца.

Журналістыка — гэта калі ты гаворыш усё, што ведаеш. Тут гэтага няма. Я не кажу пра акрэдытаваныя тут СМІ, такія як Радыё Свабода, Настоящее время... Ва ўкраінскіх СМІ ў клясычным разуменьні журналістыкі не існуе. Усё апраўдваецца рознымі прычынамі — вайной, нейкімі місіямі, калі камусьці трэба дапамагаць, кагосьці бараніць. Гэтыя місіі па вялікім рахунку ня маюць ніякага дачыненьні да прафэсіі журналіста. Я лічу, што адбываецца сьвядомае абыдленьне спажыўца інфармацыі, якому «упарваюць» забаўкі вельмі нізкай якасьці.

А на другой чашы вагаў ёсьць палітычны кантэнт у выглядзе навінаў і палітычных ток-шоў, дзе таксама гледачам не даюць права на развагі. Яму ўсё разжавалі — гэта наша, а гэта ня наша, гэта свае, а гэта чужыя. Адвучылі думаць. Робіцца гэта сьвядома, бо такім чалавекам лёгка маніпуляваць. І гэта вельмі падобна на сытуацыю ў расейскіх СМІ, з той розьніцай, што ў расейскіх СМІ стаіць іншая задача. Яны працуюць на ідэалягічную пабудову адраджэньня імпэрыі, а тут кожнае СМІ працуе на свайго гаспадара, які займаецца ўнутрыпалітычнай барацьбой. Задачы больш дробныя. Ва Ўкраіне няма аніводнага СМІ, якое рэальна б займалася адстойваньнем пазыцыі Ўкраіны ў інфармацыйнай вайне. Я лічу, што Ўкраіна ўжо пацярпела паразу інфармацыйнай вайне.

Пра незапатрабаванасьць дакумэнтальнага кіно ва Ўкраіне

Тое, што мы плянавалі зрабіць у 2019 годзе, зрабілі. Справа ў тым, што ва Ўкраіне няма ніякага запыту на дакумэнтальнае кіно.

Я маю на ўвазе і дзяржаву, і тэлеканалы, якія маглі б быць фінансавай апорай. Дакумэнтальнае кіно — дарагое ў вытворчасьці. Канечне, гэта зусім ня бізнэс. Такія кампаніі, як у мяне, якія спэцыялізуюцца на дакумэнтальным кіно, гэта ўтопія з пункту гледжаньня бізнэсу. Сэрыял пра хроніку расейскай агрэсіі быў у эфіры. Фільм пра дзіцячы інтэрнат гатовы, дамаўляемся з каналамі пра паказ. Аддаём бясплатна...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG