Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшлі пікеты супраць хатняга гвалту


Пікет 28 сьнежня ў парку Дружбы народаў.
Пікет 28 сьнежня ў парку Дружбы народаў.

У парку Дружбы народаў і ў Кіеўскім сквэры 28 і 29 сьнежня адпаведна прайшлі дазволеныя ўладамі пікеты супраць хатняга гвалту, паведамляе БелаПАН.

Пікеты былі арганізаваныя Беларускай нацыянальнай плятформай Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства сумесна з ініцыятыўнай групай «Маршыруй, дзетка!».

Як паведаміла каардынатарка групы Святлана Гатальская, у суботнім пікеце, паводле ацэнкі міліцыі, прынялі ўдзел 26 чалавек, у нядзельным — больш за пяцьдзясят.

Удзельнікі выкарыстоўвалі плякаты «Мы, беларусы, — мірныя людзі», «Б’е, значыць, артыкул 147, 149, 153 КК Беларусі», «Я сяду за самаабарону, ён ня сядзе за гвалт», «Беларускім жанчынам не падабаецца, калі да іх прыстаюць» і іншыя.

З імправізаванай сцэны ў мікрафон удзельнікі акцый расказвалі гісторыі жанчын, якія загінулі ад рук хатніх агрэсараў з 2016 па 2018 год.

Юрыст ініцыятывы «Яе маю рацыю» Дар’я Чурко расказала, што была на сувязі з жанчынай, пра якую нядаўна пісалі СМІ, — яе задушыў провадам сын. Яна 37 разоў зьвярталася ў міліцыю, пісала заявы. Дар’я кансультавала яе па тэлефоне ў Call-цэнтры ініцыятывы.

Gадчас пікету арганізатары расставілі жаночыя і дзіцячыя чаравікі аранжавага колеру; да кожнай пары прыкладаліся цэтлікі, на якіх паведамлялася аб прычынах гібелі ахвяр хатняга гвалту.

На сайтах petitions. by і marchbabe. by працягваецца збор подпісаў пад пэтыцыяй за прыняцьце ў Беларусі законапраекту ў справе супрацьдзеяньня хатняму гвалту. Пэтыцыі плянуецца накіраваць у заканадаўчыя органы ў студзені наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG