Кіраўнікі Беларусі ды Расеі пры неабходнасьці могуць стэлефанавацца да Новага года, каб вырашыць шэраг пытаньняў. Пра гэта 27 сьнежня паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, піша ТАСС.
«Там ёсьць некаторы цэйтнот, таму што застаюцца неўрэгуляваныя пытаньні. Але кантакты вядуцца, і мы чакаем, што калі прэзыдэнты палічаць неабходным, яны стэлефануюцца да канца года», — сказаў Пяскоў.
20 сьнежня стала вядома пра канцэптуальнай дамоўленасьці Расеі і Беларусі па пастаўках нафты і газу. Лукашэнка заявіў, што ў 2020 годзе Беларусь мае намер закупіць у Расеі каля 20 млрд куб. м газу і 24-25 млн тон нафты.
Дакладную цану на газ боку плянавалі вызначыць у бліжэйшы час. Паводле Лукашэнкі, яна застанецца на ўзроўні бягучага года ($ 127 за 1 тыс. куб. м).