Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі літаратар Дзьмітрый Быкаў: «У Беларусі ўжо крыху старэчая дыктатура»


Дзьмітрый Быкаў

Расейскі літаратар і публіцыст Дзьмітрый Быкаў адказаў на крытыку сваіх ранейшых выказваньняў пра сытуацыю ў Беларусі. Тады Быкаў быў заявіў, што беларусы жывуць у рабстве, а беларуская культура дэградавала. Беларускія блогеры абурыліся і ўказалі на культурную дэградацыю ў самой Расеі. А паэт Уладзімер Някляеў закінуў Быкаву, што той не валодае сытуацыяў у Беларусі, бо не бывае ў беларускіх тэатрах і не чытае па-беларуску. Някляеў у адкрытым лісьце Быкаву адзначыў, што не зьдзівіўся б падобным словам ад «крымнашаўца», але не чакаў іх ад пісьменьніка «з дэмакратычнымі, лібэральнымі перакананьнямі».

Сёньня, выступаючы на радыёстанцыі «Эхо Москвы», Дзьмітрый Быкаў паўтарыў сваю думку, што Беларусь ня можа цяпер увайсьці ў Эўропу, бо для гэтага патрэбны культурны выбух у краіне, якога ён не назірае. Прыгадаўшы ліст Някляева на свой адрас, Быкаў сказаў: «Зь Някляевым я гатовы гэтую праблему абмяркоўваць, гэта праблема цікавая. Але з журналістамі, якія хочуць на гэтым хайпануць і пасьпяшаліся наляцець, я не гатовы гэта абмяркоўваць».

Дзьмітрый Быкаў зазначыў, што чытае па-беларуску і добра ведае беларускае тэатральнае жыцьцё. Ён згадаў, што ў Беларусі «ёсьць цудоўны моладзевы тэатар, які ўмудраецца ў дадатак працаваць ва ўмовах абсалютна дэмакратычных, без адзінага кіраўніка, і гэта, мне здаецца, цудоўны адказ на тую дыктатуру — мяккую можа цяпер ужо, крыху старэчую дыктатуру, але ўсё ж дыктатуру, якую мы маем сёньня ў Беларусі».

Сярод кніг, якія ён прачытаў па-беларуску, ён назваў «Эвангельле ад Юды» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні») Уладзімера Караткевіча, артыкул «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» Альгерда Бахарэвіча. Быкаў таксама высока ацаніў раман Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», параўнаўшы задачы, якія ставіў перад сабой пісьменьнік, з Джойсавымі. «Можа ў сёньняшняй беларускай прозе ён адзіны па-сапраўднаму арыгінальны аўтар», — зазначыў Быкаў.

«Мы можам канстатаваць, што такіх зьяваў, як Адамовіч, Караткевіч, Быкаў, сёньняшняя беларуская літаратура не дае. У нас ёсьць надзея на тое, што яны сфармуюцца пад дзеяньнем „бяспрымесна“ чыстага абсурду, які там пры Лукашэнку існуе». Але ў тым і рэч, што гэтая дыктатура эстэтычна такога фэномэну не спараджае — магчыма, таму, што інтэлектуальныя сілы Беларусі вычарпаныя масавым ад’ездам вялізнай колькасьці людзей», — выказаў думку Дзьмітрый Быкаў.

Уладзімера Някляева ён назваў «моцным паэтам», але зазначыў, што мае пэўныя прэтэнзіі да ягонай паэмы «Рускі цягнік» і засьцярогі, «як бы сёньня ня здарылася страшная сытуацыя, пры якой беларускія мастакі, часта адметныя, не пачалі абвінавачваць Расею ўва ўсіх бедах і будаваць нацыянальную ідэнтычнасьць на пачуцьці варожасьці да яе». Расея сёньня дае падставы для таго, каб ставіцца да яе з панічным жахам, прызнаў Быкаў. Але разам з тым роля Расея ў фармаваньні беларускае культуры ХХ стагодзьдзя даволі вялікая. Быкаў яшчэ раз паўтарыў, што з задавальненьнем падыскутаваў бы пра гэта зь Някляевым.

Абмеркаваньне сучаснай беларускай культуры ўскладненае цэлым комплексам складаных адносінаў унутры самой гэтай культуры, зазначыў Быкаў, прыгадаўшы ў гэтай сувязі цкаваньне Някляева, а таксама прапагандысцкія фільмы Азаронка, скіраваныя супраць апазыцыі. «Няўжо вы думаеце, што гэта можа для любой нацыі прайсьці бясьсьледна? — запытаўся ён. — Вядома, не».

Ацэньваючы крытычныя выказваньні беларускіх блогераў на свой адрас, Быкаў зазначыў: «Трэба вучыцца дыялёгу... Нецярпімасьць і ёсьць самы атрутны плён дыктатуры, які мы спажываем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG