Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі у Дзяржынску атрымала вымову за расейскамоўныя клясы


Ілюстрацыйнае фота

Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі гораду Дзяржынску Людміла Паўхлеб атрымала вымову за клясы з расейскай мовай навучаньня.

Такім чынам улады адрэагавалі на пэтыцыю супраць русыфікацыі дзяржынскай гімназіі, якая зьявілася на petitions.by у кастрычніку і сабрала 681 подпіс. Пасьля збору подпісаў пэтыцыю накіравалі ў Міністэрства адукацыі Беларусі.

Чаго дамагаліся ў пэтыцыі

У Дзяржынску ёсьць 2 школы i 2 гімназіі. Толькі адна з 4 навучальных установаў да нядаўняга часу лічылася беларускамоўнай — гімназія гораду Дзяржынску. Аднак у 2019 годзе ў яе набралі чатыры расейскамоўныя клясы і адзін беларускамоўны, адзначаюць у пэтыцыі. Справаводзтва таксама перавялі пераважна на расейскую мову.

У пэтыцыі адзначаюць, што, хоць «дзяржава нам гарантуе (паводле заканадаўства) раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў»,сёлета толькі 10% першаклясьнікаў у Дзяржынску могуць вучыцца па-беларуску, таму «беларуская і расейская мовы знаходзяцца аб’ектыўна ў несправядлівых умовах».

У пэтыцыі прасілі:

  • Вярнуць беларускамоўнае навучаньне ва ўсе пачатковыя клясы гімназіі г. Дзяржынску.
  • Вярнуць вядзеньне справаводзтва адміністрацыяй, настаўнікамі і вучнямі (запаўненьне навучальных плянаў, дзёньнікаў і г.д.) на беларускай мове.

Як на пэтыцыю адказалі ўлады

Адказ на пэтыцыю прыйшоў з Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму. У ім адзначаецца, што «гімназія дзейнічае на падставе статуту (п. 1 арт. 22 Кодэксу аб адукацыі). Навучаньне ў ёй ажыцьцяўляецца на беларускай мове, выхаваньне — на беларускай і расейскай мовах».

«За парушэньне прававых нарматыўных дакумэнтаў пры арганізацыі прыёму ў першую клясу дырэктару гімназіі Паўхлеб Л. С. абʼяўлена вымова», — гаворыцца ў адказе.

Таксама ў дакумэнце адзначаецца, што «замена беларускай мовы навучаньня на расейскую ў гімназіі не плянуецца» і што мясцоваму ўпраўленьню адукацыі, спорту і турызму «рэкамэндавана забясьпечыць дзейсны кантроль за вызначэньнем беларускай мовы навучаньня пры фармаваньні кантынгенту навучэнцаў і сеткі ўстановаў адукацыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG