Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дзясяткамі тон падраблялі беларускія харчы. З сальманэлай


Падробленыя харчы. Фота з сайту Ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Чарнавецкай вобласьці

Паліцыя Чарнавецкай вобласьці раскрыла схему вытворчасьці і рэалізацыі малочнай прадукцыі пад выглядам беларускай гандлёвай маркі «Расінка». Гэты брэнд належыць магілёўскаму прадпрыемству «Бабушкіна крынка».

Паводле сьледзтва, няякасны сыр і масла вырабляліся на прыватным малочным заводзе па-за межамі Чарнавецкай вобласьці, а ўжо ў Чарнаўцах фасаваліся ва ўпакоўкі нібыта беларускага вытворцы «Расінка». Прадукцыю прадавалі на адным з рынкаў абласнога цэнтру. Праваахоўнікі сьцьвярджаюць, што абарот фальсыфікаванай «беларускай» прадукцыі складаў 60 тонаў на месяц.

Экспэртыза Чарнавецкага абласнога навукова-вытворчага цэнтру стандартызацыі вызначыла неадпаведнасьць прадукцыі ўкраінскім дзяржаўным стандартам. Апроч таго, ва ўзорах сыроў і масла выявілі сальманэлу і кішачную палачку.

У часе ператрусаў у месцах, дзе выраблялі і захоўвалі падробкі, канфіскавалі прыблізна 7 тонаў немаркаванага сыру, больш за 4 тоны масла, а таксама цэтлікі і ўпакоўкі «беларускіх гандлёвых марак».

У паліцыі Чарнавецкай вобласьці не ўдакладнілі, які беларускі горад пазначаны на цэтліках фальсыфікаванай прадукцыі. Суразмоўца Свабоды адзначыў, што ў часе ператрусаў не было знойдзена ніякіх дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б паходжаньне, якасьць і склад малочных прадуктаў.

Паліцыя завяла крымінальную справу за махлярства і атрыманьне незаконнай выгады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG