Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некалькі гадоў была адной дзяўчынай на паверсе». Беларуска стала найлепшай інжынэркай-распрацоўніцай году


Юлія Максімчык

Берасьцейка Юлія Максімчык атрымала прэмію Women in IT Excellence Award як найлепшая распрацоўніца 2019 году. 27 лістапада ў Лёндане яна паўдзельнічала ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджаньня.

«Я сядзела і рэпэтавала расчараваны твар: маўляў, не перамагла, але нічога страшнага. А тут перамагла — і спужалася», — сьмяецца Юлія.

Юлю віншуюць усе, каго яна ведае і каго не. Кажа, мужчыны не зайздросьцяць, хаця часам жартуюць, маўляў, чаму гэтая прэмія толькі сярод жанчын, несправядліва.

«Але ёсьць жа і сярод мужчын, і сярод мужчын і жанчын, — кажа Юля. — Гэтая прэмія была, каб вылучыць менавіта жаночы ўнёсак у IT. У сьвеце ёсьць тэндэнцыя, што жанчын у IT менш. І каб разьвеяць дурныя забабоны, што гэта складана, ці не атрымаецца, ці што ў ІТ жанчын не чакаюць, вось так адзначаюць асобаў, якія зрабілі нейкі ўнёсак, каб паказаць гэта ўсё на нашым прыкладзе».

Юля — Frontend-распрацоўніца і тэхнічны «лід» (вядучы інжынэр-праграміст. — РС) у Godel Technologies. У прафэсію прыйшла праз навучаньне на фізыка-матэматычным факультэце ў Брэсцкім дзяржаўным унівэрсытэце імя А.C. Пушкіна і працу ў EPAM.

Юлія Максімчык, архіўнае фота
Юлія Максімчык, архіўнае фота

«Я хацела гульні пісаць: думала, што кампутарныя гульні — гэта паторкаў-паторкаў, і гульня гатовая, — усьміхаецца Юля. — А насамрэч там цэлыя каманды распрацоўваюць нават самую простую зьмейку. Калі паўстаў выбар, куды ісьці, я выбірала паміж гуманітарнымі навукамі (ня ведаю, чаму) і матфакам Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Выбрала Берасьце, таму што ў мяне тут цёцтка жыве, яна мяне падкормлівала. Але супала, што я трапіла, куды трэба, у выгодны час, калі ўсё толькі разьвівалася. Калі я была студэнткай, то заробак 200 даляраў (які давала IT-сьфера. — РС) быў проста нерэальнай зьявай».

Юля кажа, што сярод яе сяброў і знаёмых шмат хто марыць «увайсьці ў ІТ»: розьніца ў заробках паміж гэтай і іншымі сфэрамі сапраўды адчувальная. Але Юліны знаёмыя дзяўчаты да IT даходзяць рэдка. Гэта адпавядае і сусьветнай статыстыцы: жанчыны займаюць толькі 25% тэхнічных пасадаў у сьвеце.

«У Godel Technologies, відаць, нешта ня так, бо дзяўчат тут шмат, — усьміхаецца Юля. — На мінулай працы ў EPAM я некалькі гадоў была адзінай дзяўчынай на сваім паверсе. Затое прыбіральня жаночая заўжды свабодная, таму я не засмучалася. У прынцыпе, толькі на 23 лютага было складана.

Калі сур’ёзна, то хацелася б, каб было пабольш дзяўчат. Напэўна, хлопчыкі разумеюць, што вось у іх адзін шлях — зарабляць грошы. А дзяўчаты, магчыма, думаюць, што ёсьць іншыя працоўныя шляхі, або можна замуж выйсьці. Гэта расчароўвае крыху. Магчыма, налета я змагу дапамагчы якой-небудзь сваёй каляжанцы паспрабаваць сябе ў гэтай намінацыі. Пастараюся натхніць!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG