Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў чарговае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі


Аляксандар Асіповіч ў Вярхоўным с удзе падчас разгляду ягонай апэляцыйнай скаргі. 14 траўня 2019 году
Аляксандар Асіповіч ў Вярхоўным с удзе падчас разгляду ягонай апэляцыйнай скаргі. 14 траўня 2019 году

Эўрапейскі саюз асуджае чарговае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў 20 сьнежня, паведамляе БелаПАН.

«Сьмяротнае пакараньне парушае неад’емнае права на жыцьцё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, і зьяўляецца ў вышэйшай ступені жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным пакараньнем. Сьмяротнае пакараньне таксама не можа служыць стрымліваючым фактарам для злачыннасьці», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Адзначаецца таксама, што ЭЗ выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб нагадаць уладам Беларусі аб сваiм рашучым непрыманьні сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах. Апошні раз пра гэта было заяўлена падчас пасяджэньня Каардынацыйнай групы ЭЗ-Беларусь, якое адбылося 17–18 сьнежня ў Бруселі.

«Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе сьмяротнае пакараньне. У гэтым годзе ў Беларусі былі вынесены тры сьмяротныя прыгаворы, і столькі ж сьмяротных прыгавораў было выканана, — гаворыцца ў заяве. — Увядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі стала б пазытыўным крокам на шляху да яго поўнай адмены. Тым самым Беларусь далучылася б да ўсё большай колькасьці краін, якія вынішчылі сьмяротнае пакараньне заканадаўча або дэ-факта. У выніку гэтага за апошнія 10 гадоў у 160 краінах па ўсім сьвеце сьмяротнае пакараньне не ажыцьцяўлялася».

Раней з асуджэньнем чарговага сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выступілі Савет Эўропы і яго парлямэнцкая асамблея.

Каго расстралялі і за што

19 сьнежня бабруйскае выданьне «Коммерческий курьер» са спасылкай на старшага пракурора аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласьці Вольгу Іванову паведаміла аб расстрэле Аляксандра Асіповіча, асуджанага да сьмяротнага пакараньня за двайное забойства пры абцяжарваючых абставінах. Прыгавор быў прыведзены ў выкананьне 17 сьнежня.

Выданьне са спасылкай на інфармацыю Івановай таксама паведаміла, што пасьля рашэньня Вярхоўнага суда Асіповіч напісаў асабістае хадайніцтва на імя Аляксандра Лукашэнкі. Але кіраўнік дзяржавы пакінуў хадайніцтва без задавальненьня.

Магілёўскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд Аляксандру Асіповічу 9 студзеня гэтага года Паводле даных сьледзтва, 20 ліпеня 2018 года неаднаразова судзімы Асіповіч пазнаёміўся ў кафэ з дзьвюма маладымі жыхаркамі Бабруйску. Усе трое накіраваліся ў кватэру, якая належыць маці Асіповіча, дзе працягнулі расьпіваць сьпіртныя напоі. У ходзе ўзьніклага канфлікту мужчына стаў зьбіваць жанчын, у тым ліку нажом і малатком. Пацярпелыя памерлі на месцы, пасьля чаго Асіповіч, паводле інфармацыі сьледзтва, «прыняў меры да расчляненьня і ўтойваньня трупаў».

Аляксандар Асіповіч
Аляксандар Асіповіч

Вярхоўны суд 14 мая адхіліў апэляцыйную скаргу Асіповіча. На пасяджэньні калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Асіповіч прасіў зьмяніць абвінавачаньне «забойства дзьвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасьцю» на «забойства пры перавышэньні межаў неабходнай самаабароны». Яму ў гэтым адмовілі.

Пры разглядзе апэляцыйнай скаргі Асіповіч сьцьвярджаў, што дзяўчаты самі напрасіліся да яго ў кампанію і па сваёй ініцыятыве паехалі з ім на кватэру яго маці. Паводле слоў абвінавачанага, ахвяры самі справакавалі канфлікт, а ён толькі зьбіраўся выставіць іх з кватэры. У ходзе бойкі адна з дзяўчын першай схапілася за нож, заявіў Асіповіч. Званкі дзяўчат у міліцыю з ваннай, дзе яны замкнуліся, ён назваў «інсцэніроўкай».

На пасяджэньні 14 мая Асіповіч падаў хадайніцтва аб пераносе разгляду апэляцыі і прызначэньні яму дадатковых псыхоляга-псыхіятрычных і іншых экспэртыз. Група судзьдзяў пад старшынствам намесьніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча гэтае хадайніцтва адхіліла.

Раней Асіповіч быў неаднаразова судзімы, у тым ліку за ўчыненьне злачынстваў супраць жыцьця і здароўя.

Больш за 400 сьмяротных прысудаў за 20 год

Беларусь — адзіная ў Эўропе дзяржава, дзе працягвае прымяняцца сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня.

Эўрапейскія структуры і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а ў пэрспэктыве — адмяніць яго цалкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG