Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Новы год у Менску ня будзе фаервэркаў расейскага вытворцы, чый салют выбухнуў 3 ліпеня


Салют у Новы год 2018, калі адбыліся выбухі

У Менгарвыканкаме паведамілі, што падчас навагодніх фаервэркаў у Менску ня будзе ўжывацца прадукцыя вытворчасьці расейскай кампаніі ААТ «Пиро-Росс». Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала начальніца аддзелу ўстановаў культуры Кацярына Лучына.

Аднак яна не ўдакладніла, чыёй вытворчасьці будуць піратэхнічныя сродкі.

Раней агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на намесьніка начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкама Аляксандра Шастакова паведаміла, што сёлета «вырашылі зьмяніць фармат і пляцоўку» падзеі і што гуляньні пройдуць не ля Палацу спорта, а на Кастрычніцкай плошчы. Таксама паведамлялася, што 11-хвілінны салют зладзяць ля Палацу спорту.

«1 студзеня ў 1:30 на пляцоўцы ля Палацу спорту будзе лязэрна-піратэхнічнае фаервэрк-шоў, якое працягнецца 11-12 хвілін і якое можна будзе глядзець з пляцовак ля Палацу спорту, на вуліцы Багдановіча і ў Верхнім горадзе. Таксама фаервэрк 1 студзеня ў 1:30 будзе ў парку імя Уга Чавэса і на пляцоўцы ля Лядовага палацу спорту Менскай вобласьці (вуліца Прытыцкага, 27) а 1-й гадзіне ночы», — сказала Кацярына Лучына.

Кацярына Лучына ўдакладніла, што гэта будуць фаервэркі, а не салюты.

«Мы не страляем салюты. Салюты — гэта тое, што страляюць вайскоўцы. Мы робім фаервэркі. Страляць будзе горад, Менгарвыканкам. Мы падрыхтуем прэс-рэліз», — сказала Кацярына Лучына.

Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі набояў для фаервэрку, зробленых у Расеі кампаніяй «Пиро-Росс».

Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя. Аскепкі разьбілі шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова, адлеглых на больш як кілямэтар. Паводле відавочцаў, набоі разарваліся нізка над зямлёй.

Прадстаўнікі расейскай кампаніі трапілі пад крымінальны перасьлед за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG