Аляксандар Лукашэнка 19 сьнежня праводзіць пасяджэньне Савету бясьпекі. На яго вынесены пытаньні плянаваньня абароны краіны і далейшага разьвіцьця беларускай арміі, перадае БелТА.
«Традыцыйна на пасяджэннях Савета бясьпекі мы разглядаем ключавыя пытаньні гарантаваньня бясьпекі нашай дзяржавы, — сказаў Лукашэнка. — Сёньня на пасяджэньні разгледзім пытаньні плянаваньня абароны нашай дзяржавы і далейшага разьвіцьця арміі».
На працягу 2019 году пад кіраўніцтвам Генэральнага штаба перапрацоўвацца плян абароны Беларусі ў сьвятле цяперашніх рэалій ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча, разглядаліся новыя формы і спосабы вядзеньня ваенных дзеяньняў, заснаваных на досьведзе сучасных узброеных канфліктаў. Праца праведзена з улікам меркаваньняў ня толькі сілавых, але і астатніх зацікаўленых ведамстваў, адзначыў Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу ён зьвярнуў на сыстэму папераджальных захадаў і крокаў у адказ у выпадку нарастаньня ваеннай пагрозы для Беларусі.
Хто разглядаецца як патэнцыйны вораг Беларусі, Лукашэнка не сказаў, але зрабіў апісаньне сытуацыі:
«Не слабее супрацьстаяньне паміж буйнымі сусьветнымі цэнтрамі сілы: Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Эўрапейскім зьвязам, Кітаем, Расеяй. Як выник размываньняархітэктуры міжнароднай бясьпекі — узмацнілася гонка ўзбраеньняў. Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц. Імкненьне прадставіць Расію ў якасьці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінантнай палітыкай Паўночнаатлянтычнага альянсу», — сказаў Лукашэнка, пры гэтым ён прызнаў, што Расея таксама актыўна разьвівае сродкі ўзбраеньняў, дэманструючы ўзрослыя баявыя магчымасьці.
20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка мае накіравацца ў Санкт-Пецярбург на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць «паглыбленьне інтэграцыі» ў эканамічных сфэрах.