Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У індэксе гендэрнай роўнасьці Беларусь лепшая за Літву і Польшчу


Ілюстрацыйнае фота

Беларусь у «Глябальнай справаздачы аб гендэрнай роўнасьці 2020» Сусьветнага эканамічнага форуму заняла 29-е месца, апярэдзіўшы Літву (33), Польшчу (40), Украіну (59) і Расею (81)​. З суседзяў Беларусі толькі Латвія апынулася вышэй —​ на 11-м месцы.

У справаздачы The Global Gender Gap Report 2020 Сусьветны эканамічны форум вызначыў індэкс гендэрнай роўнасьці (gender gap index) для 153 краінаў.

Індэкс гендэрнай роўнасьці разьлічваўся паводле паказьнікаў становішча мужчын і жанчын у 4 тэматычных групах:

  • эканамічныя магчымасьці;
  • удзел у палітычным жыцьці;
  • даступнасьць адукацыі;
  • здароўе і працягласьць жыцьця.

Першае месца ў індэксе заняла, адзінаццаты год запар, Ісьляндыя. Яна набрала 0,877 пункту. Гэта значыць, экспэрты палічылі, што ў Ісьляндыі гендэрны разрыў закрыты на 87,7%.

Індэкс гендэрнай роўнасьці Беларусі ў 2020 — 0,746. Найлепшы вынік у краіны паводле гендэрнай роўнасьці — у эканамічных магчымасьцях. Тут Беларусь займае 5-е месца ў індэксе. Найгоршы паказьнік — у сфэры палітычных правоў. Тут Беларусь займае 81-ю пазыцыю.

Сусьветны эканамічны форум — швайцарская няўрадавая арганізацыя, найбольш вядомая арганізацыяй штогадовых сустрэч у Давосе. На сустрэчы запрашаюцца вядомыя кіраўнікі бізнэсу, палітычныя лідэры і журналісты. Прадметам абмеркаваньня зьяўляюцца найбольш вострыя сусьветныя праблемы, у тым ліку ахова здароўя і ахова навакольнага асяродзьдзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG